Што спяваць дзецям?

Міхась Булавацкі
17.04.2017

 

Родная мова з вуснаў дзіцяці – замілаванне да слёз.

І балюча да слёз (украінская сям’я на магілёўскай вуліцы)

З “Карацелек” Базыля Камарова

 

Канец 2015 года. У Брэсце прайшоў першы бард-форум імя У.Высоцкага. У праграме форума быў конкурс вакалістаў. Абмежаваняў на твор не было. Кожны спяваў, што хацеў. Некаторыя наважваліся праспяваць штосьці з Высоцкага. Часцей выбіралі нешта іншае. А хтосьці выконваў уласны твор пад гітару.

Паколькі форум быў прысвечаны расійскаму барду, то і спявалі на рускай мове.

І вось да мікрафона выйшаў дуэт з Брэста Юры Монін і Наталля Дзібук. Пад прыгожы гітарны перабор Юрыя пачуўся пяшчотны голас Наталлі:

Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю.

Я азёрную сінечу вуснамі лаўлю.

Моўчкі слухаю у росах песню салаўя.

Над маім лунае лёсам Беларусь мая…

На фоне таго, што было раней, родная мова гучала настолькі нечакана і мілагучна, што зала заціхла заварожаная прыгожымі гукамі і па заканчэнні выбухнула грымотнымі воплескамі. Журы таксама не вагалася. Гран-пры конкурса атрымаў дуэт з Брэста.

Чаму мне ўспомнілася тая падзея?

Напрыканцы сакавіка ў Магілёве прайшоў II гарадскi конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці «Магілёўскія зорачкi». На конкурсе змагаліся майстры мастацкага слова і вакалісты ад 6 да 17 год. Усе творы павінны выконвацца на беларускай мове.

Мяне зноў запрасілі ў журы, як прадстаўніка ТБМ, і я ахвотна пагадзіўся, бо паўтара дня слухаць з дзіцячых вуснаў спевы і вершы на роднай мове – рэдкаснае сёння задавальненне. І ўжо з першага такога конкурса адзначыў, што сярод дзяцей знаходзяцца адметна таленавітыя і спевакі, і вершачытальнікі, і нават вершаскладальнікі. Чакаў, што і на гэты раз парадуюся дзіцячым удачам і поспехам. Чакаў недарэмна. Асабліва ўразіла дзяўчына са школы № 2 Алена Тарасава, якая досыць чулліва і прыгожай мовай прачытала сваё ўласнае апавяданне.

Задавальненне не растапілася дагэтуль, але ўсё ж знайшлося нешта, што яго істотна азмрочвае.

Рэпертуар выбраных твораў для мастацкага чытання быў даволі разнастайны. У Беларусі шмат цікавых паэтаў і адбіраліся лепшыя. Гучалі вершы М.Багдановіча, Н.Гілевіча, У.Караткевіча, С.Законнікава, М.Танка, іншых выбітных паэтаў. А вось з падборам твораў для вакальнага выканання былі праблемы. Гэта праявілася і на першым такім конкурсе і яшчэ болей на другім. Тое, што некаторыя песні паўтараліся некалькі разоў, не так істотна. Важней, што гэтыя песні з тых, якія мне падаюцца псеўдапатрыятычнымі. Вось услухаемся:

Гэта Беларусь мая! І калі спяваю я,

Чуе Беларусь мая, як люблю яе…”

Беларусь міая сінявокая!

Краіна міру і дабра!

Як кахаю цябе я…”

Здаецца, пра Беларусь. Але замяні слова “Беларусь” назвай іншай краіны – і радкі нічога не страцяць.

Ці вось гэтае:

Я беларусачка, дзяўчынка!

І ўсміхаецца мне цэлы свет…”

Але ж гэты свет не меней усміхаецца і малдаваначцы, і македоначцы, і казахстаначцы… Песня ні пра што!

Некаторыя аўтары падобных тэксцікаў, каб неяк наблізіць тэксцік да Беларусі, узгадваюць у ім нейкую беларускую адметнасць – зубра, багдановічавы васількі, Белую вежу ці назвы рэк. Але ўсё гэта там проста ўпамінаецца або нават неяк абыякава пералічваецца. Не адчуваецца, каб душа аўтара трымцела ад гэтага пералічэння, як яна трымцела ў Сокалава-Воюша пры напісанні вышэй узгаданых радкоў.

– Чаму выбіраюцца такія песні?! – пацікавіўся я ў сваіх калег па журы. – Ёсць жа столькі цудоўных беларускіх песень! Паслухаць хаця б Данчыка…

– Сапраўды, цудоўных беларускіх песень шмат. Але яны складаныя для дзіцячага выканання. Ім патрэбна адпаведная аранжыроўка, якая сёння каштуе каля 150 долараў, патрэбны фанаграмы, тыя ж “мінусоўкі”, бо не пад гармонік жа спяваць, пажадана некалькі варыянтаў фанаграм, каб музычны кіраўнік мог выбіраць больш адпаведнае для сябе і сваіх выхаванцаў. Такіх аранжыровак сёння няма.

– А хто ж робіць аранжыроўкі для песень, якія мы пачулі?

– Магчыма, самі аўтары.

– Але ж дзе яны знаходзяць тыя 150 долараў?..

І адказ раптам сам вырас у маёй галаве: гэты псеўдапатрыятызм падтрымлівае дзяржава. Здагадка пацвердзілася расповядам жанчыны: яна аднойчы падрыхтавала з дзяўчынкай прыгожую песню на нейкі конкурс з прэтэнзіяй на высокае месца, але яе “папрасілі” замяніць песню, бо яна на словы Някляева.

Я нават не думаю, што гэта ідзе ад Прэзідэнта. Проста ў яго такія выканаўчыкі, якія здагадваюцца, штó яму ці яго акружэнню можа не спадабацца і – “падсцілаюць саломкі”. Але ж “свята месца” пустым не бывае. Вось і запаўняюць “свята месца” другія выканаўчыкі сваім псеўдапатрыятызмам.

Дык што ж нам, спяваць з дзецьмі тыя песенькі псеўдапатрыятычнага стылю? Ці знойдзецца нехта, хто будзе ствараць аранжыроўкі для дзіцячага выканання НАШЫХ песень?..

 

“Народная воля” 14.04.2017

bulavacki@gmail.com