Слова пра адукацыю

Міхась Булавацкі
08.04.2020

У мінулым годзе “НВ” час ад часу звярталася да адукацыйных праблем. Дазвольце і мне, чалавеку, які амаль паўстагоддзя навучаў матэматыцы школьнікаў, гімназістаў, ліцэістаў, студэнтаў дый саміх настаўнікаў пад час іх перападрыхтоўкі, выказаць некаторыя думкі, навеяныя тымі публікацыямі.

Час ад часу даводзіцца чуць, што вось у Савецкім Саюзе была адукацыя, а зараз… Ну так, у гады нашай маладосці і дождж быў макрэйшы. Сённяшняя сістэма беларускай адукацыі мала чым адрозніваецца ад савецкай, хіба што большай зануранасцю настаўнікаў у пісанне паперак, ім не патрэбных, але “для кантралёра”.

А што было ў СССР, – распавяду пра свой досвед. У 1983 годзе нашу кафедру адправілі праводзіць кантрольныя зрэзы па матэматыцы па тэкстах міністэрства ў выпускных класах школ аднаго раёна (раён не буду называць, бо іншыя раёны нічым не горшыя і не лепшыя). Мы ехалі ў аўтобусе і размаўлялі: вось зноў раздадзім варыянты, а самі адвернемся, каб не бачыць, як вучні спісваюць і як настаўнік ім дапамагае. “А што, калі не адвернемся? – сказаў нехта. – А чаму б не прывезці вынікі, якія ёсць. Можа, хопіць хлусіць!” Прапанова спадабалася. Дамовіліся, што прывязем праўдзівыя вынікі, няхай у міністэрстве пабачаць якасць навучання на падведамаснай ім тэрыторыі. Усё ж, пасля смерці Л.Брэжнева ў краіне чакаліся нейкія змены, пачалося нейкае бурленне, якое пазней вылілася ў працэс перабудовы.

Мне выпала праводзіць зрэз у цэнтральнай школе райцэнтра (нумар адзін, імя Леніна). Матэматыку ў выпускным класе выкладаў сталага ўзросту настаўнік, выдатнік народнай адукацыі. Я сказаў, што правяду зрэз сам, а ён будзе назіраць за маёй працай, седзячы за апошнім сталом. Калі будуць якія заўвагі, потым абмяркуем.

Правесці кантрольную працу так, каб абышлося без спісвання, вопытнаму настаўніку няцяжка, нават калі там усяго два варыянты заданняў. Па заканчэнні мы селі з ім правяраць працы. На 29 вучняў атрымалася 5 “пяцёрак” (тады была пяцібальная сістэма ацэнак), 1 “чацвёрка”, 4 “тройкі”, астатнія ніжэй. Настаўнік сядзеў пахмурны. Я спытаў: можа, ёсць якія заўвагі да мяне. “Не, – адказаў ён, – заўваг няма. Вынікі праўдзівыя. Толькі вось вы ў мяне правялі кантрольную, як трэба, а ў іншых школах правядуць інакш. Там атрымаюцца вынікі высокія, і мяне пачнуць скланяць на розных нарадах, у кабінетах. А мне два гады да пенсіі засталося.” Я яму распавёў пра нашу дамоўленасць у аўтобусе і дадаў: “Запішыце тэлефон нашай кафедры. Калі да вас пачнуць чапляцца за гэтыя вынікі, я першы кінуся вас абараняць. Бо бачу, што пяцёра вашых навучэнцаў выдатна справіліся з усімі заданнямі, кожны па свойму. Значыць, вы можаце навучаць на высокім узроўні і ганаровае званне прысвоена вам па заслугах. А што не навучылі іншых, якіх у класе большасць, тут не толькі дый не столькі ваша віна. Гэтыя вынікі стануць падставай для адкрытай размовы пра вартасці нашай сістэмы адукацыі.”

Не ўсе выкладчыкі здолелі правесці кантрольны зрэз “чыста”, у працах, прывезеных з асобных вясковых школ, заўважалася спісванне. Але і ў такім варыянце канчаткова атрымалася 56% паспяховасці, г.зн. амаль палова навучэнцаў выпускных класаў раёна матэматыкі не ведалі зусім.

56% зусім не адпавядалі бравурнай лічбе 99 з дзясятымі, якая запаўняла ўсе справаздачы і па якой выхваляліся, што савецкая адукацыя лепшая ў свеце.

На падставе гэтых вынікаў я напісаў артыкул, які даслаў у газету “Известия”. Там яго даволі хутка надрукавалі пад рубрыкай “Праблема” і выслалі ганарар, амаль роўны майму месячнаму акладу. Ганарар ганарарам, але з-за гэтай публікацыі пачалі ціснуць на кіраўніцтва інстытута з боку партыйных органаў і міністэрства. У выніку я быў звольнены, але ўдалося адбіцца, аднавіўся на працы.

Выкладчыкі ВНУ павінны выконваць навуковыя даследаванні і абараняць дысертацыі. Гэта – норма. Але мне не хацелася сядзець у бібліятэках, каб выпісваць цытаты з Леніна і Маркса, мне хацелася бачыць жывую настаўніцкую працу, якую і несці сваім студэнтам. І я шмат ездзіў па прасторах СССР, каб вывучаць досвед лепшых настаўнікаў (найбольшую маю цікавасць выклікаў досвед В.Шаталава), а пазней ездзіў, каб распавядаць пра той досвед іншым настаўнікам. Вынікам стала досыць аб’ёмная перапіска з настаўнікамі з розных куткоў Савецкага Саюза. Каля трох тысяч лістоў зараз перадаю дзяржаўнаму архіву на захаванне, бо ў тых лістах сапраўдная гісторыя савецкай адукацыі, сапраўдная ацэнка яе вартасці з боку саміх настаўнікаў (прычым, лепшых з іх, бо пісалі тыя, каму балела, а хто змірыўся, той ужо нічым не цікавіўся і не пісаў).

Адзначу з тых лістоў адну акалічнасць. Калі нехта з настаўнікаў, прыкладваючы большыя намаганні і скарыстоўваючы свае і не толькі свае педагагічныя знаходкі, пачынаў атрымліваць лепшыя вынікі, ён станавіўся ў сваім асяродку “белай варонай”, на якую “чорныя вароны” (і адміністрацыя, і чыноўнікі, і нават калегі) накідваліся з жарсцю годнай іншага прымянення. Нехта не вытрымліваў, перакрашваўся ў звыклае чорнае “апярэнне” і далей працаваў, “як усе”. Але хапала іншых выпадкаў.

Таму не будзем услаўляць савецкую сістэму адукацыі з яе хлуснёй і “очковтирательством” (такі тэрмін гуляў па газетных старонках), а прыгледзімся да таго, што ў нас.А ў нас усё тое ж.
 

Цікавейшыя набыткі лепшых савецкіх настаўнікаў пасля развалу СССР адышлі ў нябыт. Прозвішчы В.Сухамлінскага, В.Шаталава, Ш.Аманашвілі, С.Лысянковай, Я.Ільіна ды іншых, якімі поўніліся старонкі газет і часопісаў канца 80-х, пачатку 90-х гадоў, зараз тымі і новымі газетамі (у тым ліку педагагічнага кірунку) нават не ўпамінаюцца.

Творчае аб’яднанне педагогаў рэспублікі (ТАПР), з энтузіязмам створанае на самым канцы існавання СССР, ціха сканала. Разам з ім сканала ўсё лепшае, чым поўнілася жыццё беларускай школы напрыканцы існавання СССР і ў першыя гады незалежнасці. Беларуская школа вярнулася да камуністычнага варыянта часоў застоя. Прычым нават у больш вульгарным выглядзе, бо ў тыя часы міністэрства адукацыі не апускалася да таго, каб рэкамендаваць настаўнікам як падпісваць вучнёўскія сшыткі, дзе пісаць дату дамашняй работы і колькі клетачак адступаць ад…

Вось, думаю: добра, што я ўжо пенсіянер і мне не трэба працаваць пад кіраўніцтвам такога міністэрства. Бо ў мяне з міністэрскімі чыноўнікамі было б шмат непаразуменняў. Напрыклад, мае вучні атрымлівалі дамашняе заданне на ўсю чвэрць і мне, настаўніку, неістотна было, калі яны развяжуць тую ці іншую задачу – 15 лістапада ці 3 снежня. У мяне ўвогуле не было датаў, у мяне была праца з задачамі, для кожнага вучня свая. І яны ў мяне крочылі не “ў ногу”, што нармальна, бо яны розныя. Нават кантрольныя работы пісалі не ў адзін дзень, а тады, калі былі гатовыя да гэтага. Вось пішу гэта і ўяўляю пашыраныя вочы міністэрскага чыноўніка: як гэта “кантрольную не ў адзін дзень”?

Таму супакоімся і не будзем ад сённяшняга міністэрства чакаць высокіх і мудрых глабальных рашэнняў, на якія яно не здольнае. І давайце спынім заклікі да рэформаў. Не дай Бог, каб нейкія рэформы стала рабіць сённяшняе міністэрства. Рэформы несумненна патрэбныя. Але не касметычныя, а грунтоўныя. Патрабуецца істотны перагляд усёй школьнай праграмы. Не буду казаць пра ўсё, што трэба зрабіць. Гэта доўга. Абмяжуюся двума меркаваннямі.

Варта вярнуць у школу логіку, якую вывучаюць у многіх краінах і вывучалі ў царскай Расіі, а выкінулі з школьнай праграмы ў 1918 годзе, каб людзі не замарочваліся адзнакай Валодзі Ульянава па гэтай дысцыпліне. Пры наяўнасці логікі курс матэматыкі, якая па Ламаносаву “розум у парадак прыводзіць”, можна прыкметна скараціць. Але ж пакуль ленінцы будуць кіраваць адукацыяй, логікі ў школе не будзе.

І трэба ўраўняць у аб’ёме ўрокі развіцця розуму і ўрокі развіцця пачуццяў. Сёння ж істотны перакос у бок першага. Некалі наркамасветы А.Луначарскі выбачаўся перад савецкім народам за такі дысбаланс і абяцаў, што гэтая мера вымушаная і часовая. Але гэтая часовасць зацягнулася па ўвесь перыяд існавання СССР. Урокі развіцця пачуццяў дагэтуль застаюцца ў рангу другасных.

Сённяшняя школа спрабуе напоўніць розум чалавека пэўнай інфармацыяй. Але робіцца ўсё гэта не вельмі якасна. Скажам, настаўнікі матэматыкі, якія найбольш і павінны клапаціцца пра развіццё розуму, больш думаюць пра методыку выкладання той ці іншай тэмы і менш (або зусім не думаюць) пра псіхалогію дзіцяці.

Але настаўнікі (як раней, так і цяпер) розныя. Мне, вопытнаму рэпетытару, вельмі выразна бачацца задворкі школы. І ўжо па тым, з чым прыходзіць да мяне вучань, бачу, якую схему працы абраў сабе яго настаўнік.

У выдатных настаўнікаў (такія, дзякаваць Богу, ёсць і нямала) вучань не выдрэсіраваны на пэўных нюансах афармлення развязкаў. Яго думка, як вольная птушка, лунае над усім працэсам пошуку развязку, што ўрэшце і прыводзіць да патрэбнай знаходкі.

У іншых настаўнікаў працэс навучання афармленню займае ці не большы час, чым працэс навучання пошуку развязку. Тут гэтая “птушка” як бы сядзіць у нейкай клетцы і для “палёту” ў яе вельмі абмежаваная прастора. Мысленне маладога чалавека тут ужо заціснутае і даводзіцца прыкладваць намаганні, каб растармазіць яго, і часта не атрымліваецца давесці да патрэбнага ўзроўню, закладзенага яго прыродай.

Закончыць хочацца разважаннем пра абраную сёння форму выніковага кантролю пры паступленні ў ВНУ – цэнтралізаванае тэставанне. Крытыкаў у гэтай формы дастаткова і крытыка шмат у чым слушная. Але скажу словамі У.Чэрчыля: “Тэсты – кепская форма выніковай праверкі ведаў, але лепшай сёння не існуе” (праўда, У.Чэрчыль так казаў пра дэмакратыю).  Чым можна замяніць тэсты? Тым, што было раней – вуснымі і пісьмовымі іспытамі? Тады зноў сярод студэнтаў будзе палова “пазваночных” (тых, каго прымаюць па званку рэктару, дэкану, загадчыку кафедры). Сказаць, што ў тэстах зусім няма магчымасці такіх “манеўраў”, не вазьмуся, але скажу, што гэтых магчымасцяў значна менш.

Можна гаварыць пра ўдасканаленне тэставай формы, пра тэсты не з адным, а з некалькімі правільнымі адказамі, або з адсутнасцю правільнага адказа, пра тэсты, дзе выбіраецца не адказ, а правільнае разважанне. Такія прапановы ў міністэрства ідуць. Але што возьмеш з нашага міністэрства. Я не чуў, каб праводзіліся нейкія навукова-метадычныя канферэнцыі ці нарады, прысвечаныя ўдасканаленню тэставай формы праверкі ведаў. І тэсты застаюцца ў першапачатковым выглядзе. Міністэрства толькі гуляе з баламі: колькі балаў за што налічваць і які прапускны бал вызначыць (прычым, гэты прапускны бал амаль кожны год змяняецца). Гэта ўсё з той жа “оперы”: колькі клетачак адступаць…

Будзем чакаць лепшых часоў, з іншымі фігурамі на чале беларускай адукацыі.
 

(Надрукавана "Народная Воля, 31.03.2020)