У Чэхію па медыяадукацыйны досвед

Алы Лазіцкай
27.04.2016

Праблемы медыяадукацыі ў Беларусі актыўна абмяркоўваюцца ў педагагічным асяроддзі. І чым больш знаходзім адказаў, тым больш з’яўляецца пытанняў. На гэтым этапе надзвычай цікавым падаецца досвед суседніх краін, якія ўжо стварылі нацыянальную мадэль медыяадукацыі.

Сярод краін, дзе грунтоўна ставяцца да фарміравання медыяграматнасці, – Чэшская Рэспубліка. Медыяадукацыя – адзін з чатырох абавязковых складнікаў адукацыйных праграм у базавых і сярэдніх школах. Магчымасць даведацца пра практычныя мадэлі медыяадукацыі, іх змест і формы рэалізацыі атрымалі ўдзельнікі мерапрыемстваў у рамках чэшска-беларускага праекту “Медыяграматнасць і медыяадукацыя ў Беларусі”, які рэалізуецца Нацыянальным інстытутам адукацыі (Рэспубліка Беларусь) і Асацыяцыяй міжнародных сувязей (Чэшская Рэспубліка).

Беларускія настаўнікі, якія ўжо маюць пэўны вопыт, змаглі пабачыць на свае вочы, як займаюцца медыядукацыяй чэшскія педагогі. Сярод удзельнікаў стажыроўкі: Маркевіч Таццяна, Фадзін Сяргей з сярэдняй школы №26 г. Гродна, Шымко Іна з Глыбоцкай гімназіі, Бруцкая Святлана, Лазіцкая Ала, Ляшкевіч Наталля і Алейнік Артур з сярэдняй школы №2 г. Століна, а таксама эксперт-мадэратар міжнароднага праекту Павел Данэк.

 

https://www.youtube.com/watch?v=JDd1zp-bo70

 

Візіт у Чэхію: Пабяжовіцэ.

Чацвёра з нас начавалі ў спадара Уладзіміра Фойста, дырэктара базавай школы ў Пабяжовіцэ. Асоба гэтага чалавека заслугоўвае некалькіх асобных слоў. Па-першае, бацька шасці дзяцей (!), па-другое, дбайны гаспадар, які стварае разам з жонкай утульны куточак для сваёй сям’і. Сваімі рукамі. Відаць, што клапоцяцца пра натуральны камфорт для дзяцей: асобныя пакойчыкі, акварыум, басейн, вялікая клетка з кролікамі перад ганкам (амаль вальер), раскідзісты сад, у ім жа ўзімку – лыжны спуск… цацкі, дзіцячыя прылады, вырабы, забаўлялкі, шмат малюнкаў. Захапленне – у кожным слове пра дзяцей. Сапраўдная бацькоўская пяшчота.

Нарэшце мы гатовыя ехаць у школу. Але Уладзімір вырашыў правезці нас па наваколіцах. Уражвае колькасць зеляніны і будынкі з даўніны, якія ахоўваюцца, як памятнікі, але пры гэтым не кансервуюцца, не рэстаўруюцца і ніяк не выкарыстоўваюцца. Прыкладам, стары манастыр...

Школа ў Пабяжовіцэ налічвае 245 вучняў з 26 (!) навакольных вёсачак і гарадкоў. 81 – займаецца па індывідуальнай праграме, бо ва ўстанове ўкараняюць інклюзіўную адукацыю. У разуменне інклюзіі ў Чэхіі укладваюць стварэнне аднолькавых умоў не толькі для здаровых і хворых дзяцей, але і для дзяцей-мігрантаў, дзяцей з іншых школ, дзяцей з рознай падрыхтаванасцю, нават з розным тэмпераментам. Натуральная сітуацыя, калі дзеці валодаюць чэшскай мовай на вельмі розным узроўні. Спадар Уладзімір Фойст вельмі грунтоўна ставіцца да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Ён, як саветнік міністра адукацыі па пытаннях інклюзіі, часта выступае на нацыянальным тэлебачанні, друкуе артыкулы ў СМІ па гэтай праблеме, з’яўляецца вельмі аўтарытэтным спецыялістам, карацей, медыяперсона ад педагогікі.

Школа для нас пачалася з настаўніцкай, дзе зранку пануе руплівая творчая атмасфера. Уражанне: усе, і настаўнікі, і дзеці, ходзяць па школе ў гумовых шлёпках!

Праектнае навучанне ў розных варыянтах і інтэрпрэтацыях: ад праектнага ўрока і праектнага дня да вялікіх тэматычных, доўгатэрміновых (у т. л. – міжнародных) праектаў. Падчас нашага візіту як раз праходзіў праектны дзень птушак. У школу запрасілі спецыяліста з запаведніка, які прынёс дзецям вялікія кошыкі і клеткі з жывымі птушкамі, нават бусла! Цэлый дзень туды хадзілі групы дзяцей са школы і дзіцячага садка.

Вынік праектнай прыгажосці – ландшафтны ансамбль у дворчыку, які відаць з летняй тэрасы. Там яшчэ й летні клас зрабілі.

Асобная цікавасць да майстэрняў. Ганчарная: 2 муфельныя печы, ганчарныя колы плюс розныя патрэбныя прылады – і казка з гліны ўвасабляецца ў дзіцячых руках! У майстэрні для хлопчыкаў – абсталяванне для 3D-праектавання, гатовыя вырабы побач. Так і карцела нам рукі прыкласці.

Вялічэзны шматгадовы праект “Чэшскі лес” (краязнаўчы). Мабыць, усе настаўнікі і вучні мелі дачыненне да яго, бо не кожны музей пахваліцца такой дэталёвай інфармацыяй. У школе гэты матэрыял працуе на кожным прадмеце: распрацаваныя адпаведныя раздзелы, напрыклад, па біялогіі, гісторыі, геаграфіі і г.д. Да іх – працоўныя сшыткі з заданнямі (гульнямі, тэстамі, крыжаванкамі…), асобна для кожнага класа. Матэрыял вельмі зручна інтэгруецца ў адукацыйны змест. І паліграфія! Цудоўная паліграфія!

У школе пануе нефармальная сяброўская атмасфера, якая пачынаецца з кабінета дырэктара: маленькі, на сценах спартовая форма з розных спаборніцтваў, дзе ён удзельнічаў. На асобнай палічцы – калекцыя мінералаў, і мясцовых, і заморскіх (нават з Аргенціны).

Сапраўдная школа для дзяцей, усё пад іх інтарэсы, патрэбы, здольнасці. Ніхто не дзеліць іх на адораных і недалужных, на нізка- і высокаматываваных, гіперактыўных і пасіўных. Правіла адно: усе дзеці розныя, і гэта – натуральна. Адсюль – галоўны настаўніцкі падыход: вучыць усіх па-рознаму. Славутая індывідуальная траекторыя развіцця ў дзеянні. Кожны вынік – нават не самы значны – заслугоўвае павагі. Таму ўсе сцены – у гэтых выніках. Уражанне: вучнёўскія работы (інтэлект-карты на нямецкай) з выпраўленымі памылкамі – таксама на сцяне. Бо мы ж вучымся, а сапраўднага навучання не бывае без памылак.

Трэба адзначыць, што адзнак няма. Проста няма! Толькі ўзроўні валодання тэмай: з першага (самага высокага) па пяты (яго няма амаль ні ў кога). Настаўнікі – стратэгі АА, ганарыцеся! Мы – у трэндзе!

Кабінет псіхолага. Школа ўдзельнічае ў навуковым эксперыменце. Назіраем 10-хвілінны сеанс работы з гіперактыўным сямікласнікам, што перайшоў год таму з іншай школы, дзе з ім нават фатаграфавацца ніхто не хацеў. У яго праблема – не ў стане канцэнтраваць увагу. Вось яна, аказваецца, прычына хранічнай непаспяховасці! Ужо год з ім праводзяць сеансы па трэніроўцы аддзелаў мозгу, якія адказваюць за канцэнтрацыю ўвагі. Здаецца, што хлопчык проста сочыць за рухам машынкі, якая едзе на маніторы. Але датчыкі спецыяльнага апарата пільна сочаць, каб увага не рассейвалася – машынка адразу спыняецца ці едзе павольней, калі думкі пераключаюцца. Выяўляецца, што мозг можна трэніраваць. І кажуць, што дынаміка ў малога значная!

Сустрэча са спадаром мэрам. Знайшоў час завітаць-павітацца. Ніякага афіцыёзу! Відаць: сябра школы.

Гонар школы – сваё тэлебачанне. Гэта праект з нацыянальным чэшскім TV. Яны забяспечылі абсталяваннем, праграмамі, правялі навучанне дзяцей і дарослых, як рабіць рэпартажы. Цяпер па дамове матэрыялы праектных школ транслююць на адпаведным канале. Гэта цікавая мадэль практычнай медыяадукацыі. У аснове сюжэтаў як цікавыя школьныя падзеі, так і паўнавартнасныя праграмы на аснове матэрыялаў, сабраных падчас рэалізацыі розных праектаў. Падобныя відэа здымаюць у кожнай школе, скажаце вы. НЕ. Асаблівасць у тым, што гэтыя дзеці робяць сюжэты прафесійна, з веданнем справы. Як нам распавялі пра гэта, глядзіце тут: https://www.youtube.com/watch?v=JDd1zp-bo70 Але наш ролік дылетанцкі ў параўнанні з дзіцячымі!

Медыяграматных вучняў выхоўваюць такія ж настаўнікі: колькі фотаздымкаў на сценах! І ў кожным дэкадуем мэсыдж: “Вы розныя, таленавітыя, творчыя, ініцыятыўныя, здольныя! Мы зробім усё, каб вам было камфортна, карысна, шчасліва! Кожнаму!”

Шмат цікавага трапілася нам пабачыць і адчуць. Выснова: нішто не можа перашкодзіць выхоўваць дзяцей у любові. Нават смешныя праблемы. Ну няма актавай залы, затое дамашні канцэрт можа адбыцца проста на лесвічных прыступках паміж паверхамі. І вельмі шчыра.

Вось з такім адчуваннем настаўніцкай і дзіцячай шчырасці пакідаем установу. Але праграма не сканчаецца – крочым на найвышэйшую гару гэтага масіву – Чэрхаў. Зараз прыродны заказнік. Там, акрамя прыгажэйшых краявідаў, былая ваенная база – рэшткі жалезнай заслоны. Зараз назіральная пляцоўка для турыстаў. Германія – 70 кіламетраў, нямецкія вёскі ўжо ў нізіне. Усё побач. Вяртаемся ўзрушаныя. Па дарозе звярнулі да лясной крыніцы. Напіліся – адужалі. Потым да вялічэзных ялін. Адметнасць: адная з іх красавалася на галоўнай плошчы Ватыкана на Новы год. Цяпер выкол яе пянька зрабілі клумбу, а частку спілу пераўтварылі ў памятны знак, да якога ездзяць турысты. Па дарозе – да музея Чэшскага леса, ён знаходзіцца на колішняй паштовай станцыі. Мясцовыя ганарацца, што некалі там спыняўся Сувараў па дарозе ў Альпы.

Яшчэ не ўсё… Здзіўленыя і захопленыя ахі і охі вырваліся з грудзей у грамадскім музеі мясцовых строяў (яны кажуць “крояў”). Калекцыя больш за 100 касцюмаў, майстар-клас па традыцыйным завязванні хусткі, пляценні аўтэнтычных карункаў на каклюшках (“палічкаванне”; дарэчы, такі гурток ёсць у школе). Цікава: у гэтай мясцовасці кожная дзяўчынка-дзяўчына-жанчына-бабуля мае свой “крой”, іх апранаюць на гарадскія святы, там існуе мануфактура, што вырабляе адпаведныя тканіны, у кожнай вёсцы ёсць майстрыхі, што шыюць гэтае ўбранне. І што вы пасля гэтага ведаеце пра захаванне мясцовых традыцый?!

Куды дзяваць уражанні дня? Немагчыма пра ўсё распавесці... Вечарэе… Стаміліся… Трэба ад’язджаць… Сумна… Развітальная вячэра... Як добрыя сябры, усёй камандай – на вакзал (каб хоць не паблытаць ужо хто з нас госць, а хто гаспадар!)... Усё, паехалі да Прагі… Па новыя ўражанні... Павел, цярпі! Гэта толькі пачатак!

Разам з Таццянай Маркевіч, Сяргеем Фадзіным