Дзённік настаўніцы.5 верасня

Ганна Севярынец
05.09.2021

Паколькі заўтра першым урокам у мяне новенькі пяты клас, а пяціклашак трэба браць штурмам, каб яны не паспелі ачухацца і праз пяць хвілін ужо гатовыя былі ісці са мной па веды на край зямлі, то я ўвесь вечар напружана прадумваю ўрок. Хажу ў задуменні, як зачараваная, мармычу сабе пад нос, стрыгу рознакаляровыя паперкі, запісваю хранаметраж, закрэсліваю хранаметраж, выкідаю паперкі, гляджу ў столь і ліхаманкава фіксую план.

У гэтым жа задуменні іду ў ванну. Уключаю душ. Набіраю на руку зубную пасту. І пачынаю мыць галаву.

Ачомалася я, калі паста ўжо ўелася ў скуру.

Не ведаю, якімі бываюць валасы пасля зубной пасты. А калі ўлічыць, што пасля дзвух дзён на халоднай дачы ў мяне пачырванелі вочы, і я нагадваю чароўнага трусіка, а тут яшчэ сумнеўная фрызура, то я ўпэўненая, што дзеці заўтра будуць моцна, моцна ўражаныя. Магчыма, на край зямлі яны збягуць абсалютна самастойна.