Не ведаю, ці атрымаецца апісаць "з аганьком", але шкада губляць урок: прыдумвала яго даўно і пакутна, сёння правялі, атрымалася надзвычай добра, дык дзялюся, раптам хто з калегаў скарыстаецца.
10 клас, тэма: літаратурны працэс 20-х гадоў 20 стагоддзя, уводны занятак — перад тым, як пачаць разглядаць расстралянае пакаленне паасобку. Да гэтага месяц паўтаралі ўжо вядомае: філаматаў-філарэтаў, Багушэвіча, трыумвірат Купала-Колас-Багдановіч, каб быў зразумелым грунт.
Запрапанавала кожнаму вызначыцца, хто і кім будзе будаваць новую беларускую культуру ва ўмовах беларусізацыі: хто паэтам, хто празаікам, хто мастаком, хто музыкам. Потым абмеркавалі: як прасцей уключацца ў працэс, на самоце альбо арганізавана. Вырашылі, што ствараць аб'яднанні і арганізацыі — больш надзейна. Тады абмеркавалі, як будзем аб'ядноўвацца: па мастацкіх праграмах альбо маніфестах альбо па сяброўскім прынцыпе. Дзеці радасна закрычалі: па сяброўскім! Ну, у прынцыпе, так жа яно і было ў дваццатыя насамрэч.
Тут жа абралі старшыню Саўнаркама і Цэнзара. Старшыня СНК стаў друкаваць грошы на культуру, а цэнзар заняўся выпускам дырэктывы для культурнікаў.
Потым кожная суполка абрала сабе накірунак з трох, запрапанаваных на дошцы: служыць найперш маладой рэспубліцы, служыць найперш мастацтву, альбо сканцэнтравацца на знішчэнні старых традыцый і пабудове новага мастацтва. Адпаведна першыя атрымалі назву "Маладняк", другія — "Узвышша", трэція — "Росквіт". Цяпер трэба было за дзесяць хвілінаў, базуючыся на матэрыялах сеціва і падручніка, падрыхтаваць спіч у Саўнаркаме, каб выбіць на сваю суполку грошаў.
Ну, і панеслася. Кожная суполка накіроўвала свайго прадстаўніка, які тлумачыў праграму, адказваў на пытанні старшыні, бараніў свой падыход, а Цэнзар - ён заявіў мне, што будзе размаўляць па-руску, бо прысланы з Масквы - мучыў іх каверзнымі пытаннямі. Я была сакратаркай: запрашала наступнага выступоўцу у кабінет, сачыла за часам, а адзін раз, загуляўшыся, цэнзар сказаў мне: "а падайце-ка вады", дык бегала за вадой.
Дзеці давалі жару. Маладняковец дык зайшоў ў кабінет, расчыніўшы дзверы ледзь не з нагі, крыкам крычаў, што ён за Леніна і Маркса, грукаў кулакамі перад старшынём, а калі цэнзар сказаў "Разговаривайте со мной по-русски" — упёрся лакцямі ў стол і ціхім, страшным голасам сказаў: "Ах ты буржуазная пачвара!" Цэнзар спужаўся і замахаў рукамі: "Господа, господа, тише!", на што старшыня агругліў вочы і ўскрыкнуў: "Гэта хто тут яшчэ гаспада?!"
Узвышаўцы, моцна інтэлігентныя і ціхагалосыя (эх, Дубоўкі сярод іх не знайшлося) прасілі грошай на часопіс, адкрыццё літаратурных школ і ўніверсітэту. "Росквіт" упіраў на тое, што моладзь любіць радыкальнае, а значыць, укладзеныя грошы хутка адаб'юцца. Старшыня СНК слухаў, пазначаў аловачкам нешта, ківаў галавой і паглажваў рукой бюджэт БССР на культуру.
У выніку грошы ён размеркаваў так: "Маладняку" даў 50 рублёў - бо "адзін крык і ніякага разумення", "Росквіту" адмусоліў сотню "на моладзь", а "Узвышшу" не даў нічога, маўляў, нейкія вы несавецкія. "Узвышша" пакрыўдзілася і стала бубнець, "Росквіт" усміхаўся, а "Маладняк" выкаціў верш пра Радзіму і попел у сэрцы (тут жа і напісалі).
Астатак урока прысвяцілі разбору: а як размяркоўваліся грошы на культуру ў дваццатыя гады і як наогул мусіць фінансавацца культура. Старшыня СНК памацаў у кішэні рэшту бюджэту і сказаў, што на наступным уроку ён сам вырашыць, каму і за што ў беларускім літпрацэсе ён заплаціць.
То маем на перспектыву яшчэ 200 намаляваных рублёў:) Думаю, ці не пачаць мне прыгандлёўваць адзнакамі:)