Дзённік настаўніцы. 7 лістапада

Ганна Севярынец
07.11.2021

Сёння дзень народзінаў Міхася Чарота. Апроч іншага Чарот герой маёй наступнай дакументальнай кніжкі, самай пакутнай з усіх папярэдніх. Пачала я над ёй працаваць яшчэ ў 2019 годзе, і думаю, што вось якраз цяпер яна б і выйшла, але ня лёс. І выдавец у турме, і наогул.

Але я працую, кожны дзень, хаця б па паўстаронкі. Час у мяне ёсць, аж да перамогі, любоў да тэмы ёсць, цікавасць да героя ёсць, і наогул ёсць нейкае разуменне, што пакуль я, сцяўшы зубы, над ёй сяджу, я перамагаю гэты дурацкі цяперашні час.

Яна будзе ўнутрана складанай і шматфункцыянальнай, гэтая кніжка, але я раблю так, каб гэтага ніхто не заўважыў, каб чытаць і выкарыстоўваць яе было лёгка:) Адбіраю для яе факты, артыкулы, здымкі, тэксты, нарыла па архівах сногсшыбальных фотаў і дакументаў, і увесь час думаю пра тых, каму гэта будзе цікава і хто абрадуецца, прачытаўшы тую ці іншую старонкі. У ёй, напрыклад, можна будзе знайсці праграмы радыёперадач 1926 года, разгромныя рэцэнзіі на рэкламныя кампаніі эратычных фільмаў, правілы дарожнага руху коней і арыштантаў па вуліцах Менску, звесткі пра медычнае абследаванне вучняў вясковых школ і нават статыстыку наконт таго, колькі студэнтаў БДУ у 1927 годзе займаліся ананізмам, а колькі кінулі гэтую справу:) А яшчэ як перажывалі згубу Вільні, што думалі наконт інтэлігенцыі, як спрачаліся за беларусізацыю, як рэагавалі на новую ўладу на мясцох.

А ўсё таму, што  Міхась Чарот. Акрамя таго, што паэт, дык яшчэ і таленавіты рэдактар самай беларускай з савецкіх газет.

З народзінамі, Міхась Сымонавіч:) Прарвемся:)