У школе нашай тры дні — даследчыцкі чэлендж: дзеці абралі сабе тэмы і цяпер праводзяць апытанкі, даследчыя эксперыменты, носяцца па школе з паперкамі і планшэтамі, фіксуюць вынікі, адным словам, мілая сэрцу школьная мітусня, у якой можна часова вярнуцца ў саму сябе.
Пасярод гэтай мітусні падбягаюць мае пяціклашкі. У іх тэма — фобіі. Спыняюць мяне пасярод фае, абкружаюць з усіх бакоў, адзін з блакнотам, другі з планшэтам, трэцяя з уключанай ужо камерай напагатове:
— Ганна! Адкажыце на апытанку! Чаго вы баіцеся?
— Змей і вышыні, - адказваю максімальна шчыра.
Хлопчык, старанна ссунуўшы бровы, запісвае, і сам сабе шэптам паўтарае: "Змей і вышыні".
— Слухайце, дзеці, гэта ж вы цяпер валодаеце базай фобій усёй школы. Дзе ў нас гарантыя, што вы не выкарыстаеце гэтыя веды супраць нас? — пытаюся ў іх, напусціўшы трывогі на твар.
Той, які запісваў, сур'ёзна адказвае:
— Ну, я і сам гэтага баюся. Таму не выкарыстаю.
А другі, такі харошы-харошы, вельмі добры па натуры хлопчык, бачыць маю трывогу, падыходзіць бліжэй, дакранаецца да мяне рукой, асцярожна пагладжвае і кажа пранікнёна:
— Ганна! Хочаце, я напішу аб'яву і павешу на дзверы: "Са змеямі на рускую мову не хадзіць!"