Дзённік настаўніцы. 10 лістапада

Ганна Севярынец
10.11.2021

Як адрэагавалі б на мігранцкі крызіс беларускія міжваенныя пісьменнікі.

Вольны: Нешта я не разумею, хлопцы. Нешта нічога я не разумею. Што яны тут робяць у нас? Курды гэтыя ці хто яны там.

Дубоўка: Шукаюць лепшага жыцця, Толька.

Вольны: У нас?!

Дубоўка: Аксціся. Не ў нас. Праз нас. Ідуць міма. Ну што табе тлумачыць, нібыта сам не ведаеш. Усе шукальнікі лепшага жыцця заўсёды ходзяць праз нас.

Вольны: Не ну гэта ясна, канешне, але каб такія кругі наварочваць з іхных Персіяў праз нашыя лясы, то я не ведаю нават...

Дудар (моўчкі ўстае і выходзіць на вуліцу)

Зіна Бандарына: Дзяўчаты! Наташа, Жэня! Айда да іх!

Кляшторны: Зіна! Ты куды гэта?! Да якіх да іх?

Бандарына: Тодзік, не крычы. Мы ім суп нясем. Есці ж нешта трэба людзям. Дзяўчаты, айда.

Кляшторны: Во неўгамонныя. Суп яны панеслі. Прыхадням нейкім.

Дубоўка: Ну чаму прыхадням. Прыгнечаным панеслі. Кожны прыгнечаны нам таварыш і брат.

Бэндэ: А таварышамі, грамадзянін Дубоўка, ты так лёгка не раскідвайся! Усе табе таварышы! Можа, табе і польскія памежнікі таварышы, а?

Дубоўка: можа, і таварышы.

Бэндэ: Я запісываю, грамадзянін Дубоўка. Можа, табе і паны польскія таварышы?

Дубоўка:  адчапіся ты, Лука Апанасавіч. Сам не ведаю, як рэагаваць. Адно ведаю: хто прыгнечаны - той таварыш нам.

Бэндэ: І амерыканцы табе таварышы? І куклаводы чэшскія?

Дубоўка: адчапіся, кажу. Сваіх куклаводаў пільнуй.

Бабарэка: Уладзік, не завадзіся. Усе на нервах. Давай спакайней. А то нагаворыш тут зараз.

Дубоўка: Каб яшчэ ведаць бы, што там у іх цяпер. Лес сякуць, гэта мне балюча. Мой жа лес.

Бэндэ: Гэта трудзяшчыхся лес, а не твой. Грамадзянін Дубоўка, яшчэ раз папярэджваю, я ўсё запісваю.

Дудар (уваходзіць з вуліцы, расчырванеўся, дыхае парай з марозу, ідзе да печкі)

Кляшторны: Шурка, ты куды хадзіў? Што маўчыш? Чутна што адтуль?

Дудар: Ну чутна.

Дубоўка: Што чутна, Алесь?

Дудар: Ды нармальныя беларускія хлопцы.

Вольны: Беларускія? Ты дурны ці што? Ты іхныя твары бачыў?

Дудар: А якія? У лесе сядзяць, кастры паляць, маршамі ходзяць, спераду вінтоўкі, сзаду вінтоўкі, сядзяць паміж вінтоўкамі пад бярозамі. Якія яны яшчэ. Хто яшчэ так сядзіць. Адны беларусы. Во шчэ навучыў іх "дзякуй" і "дабрыдзень" гаварыць, а то непарадак, у лесе сядзяць, а "дабрыдня" ня ведаюць. Цяпер зусім беларусы. Зараз адагрэюся крыху, пайду "Купалінку" навучу. Яны там пявучыя.