Прыйшла сёння з ранку на ўрок да пяціклашак, і трапіла адразу ў такое даволі рэдкае, і ад таго вельмі шчаслівае адчуванне поўнага яднання. І я ім радая, і яны мне, і што ні скажу, а яны з лёту ловяць, і як не павярнуся, а ў іх усё адказы гатовыя, і як не завярну пытанне, а яны адказваюць, ну проста бальзам на сэрца, а не дзеці. Закруціліся ў працу, хаджу паміж імі, заглядаю ў сшыткі, ажно пасмейваюся ад радасці. Ну, думаю, фуф. Навучыла ўсё ж-ткі. Пойдзе цяпер усё як след.
Уцерла крадком слязу замілавання. Падымае руку дзяўчынка, выдатніца, радасць мая, свет маіх вачэй.
— Ганна... У мяне нешта не атрымліваецца... Вось я ўжо паставіла слова "бегчы" ў родны склон, у давальны, у вінавальны.... А далей як?
Цьфу ты. Плюнула, уздыхнула, падсела і давай наноў тлумачыць, што дзеясловы, чорт іх дзяры, не скланяюцца. І так будзе да адзінаццатага класа, зуб даю.
Трыванне і цярпенне, цярпенне і трыванне.