Рыхтуем у школе вялікі праект да дня нараджэння "Маладняка": на наступным тыдні ўсе калідоры, лесвіцы, куткі, закуточкі і школьныя плошчы атрымаюць імёны беларускіх літаратараў, з'явяцца мемарыяльныя таблічкі, новыя адрасы школьных лакацый і мікрафоны для чытання вершаў. Задзейнічаны нашы гісторыкі, беларусіцы, выкладчыкі малявання і мастацтва, розныя класы, карацей, маштаб уражвальны.
Ну, а мы з дзясятым класам, як самыя крутыя беларускія бабры, сёння складалі тапаграфічны план школы, пазначалі вуліцы, плошчы і завулкі і потым давалі ім імёны на плане.
"Мы" — гэта я перабольшыла, канешне. Я нічога не складала і не давала, а толькі сядзела і лыпала вачыма, назіраючы, як ліха дзеці разбіраюцца з новай школьнай тапанімікай.
Першую вуліцу, на якую трапляеш адразу ад уваходу, назвалі яны іменем Наталлі Вішнеўскай. Я толькі піскнула: "А чаму?" "Таму што яна жанчына!" — сувора адказалі мне дзяўчаты з працоўнай групы першага паверху. Буйныя плошчы атрымалі імёны Купалы, Коласа, Кляшторнага і Чарота, прыгожая вуліца да сталоўкі — Багдановіча, ёсць вуліцы Таўбіна, Дудара і Зарэцкага, праспект Новай Зямлі, але больш за ўсё мяне ўразіла назва аднаго цёмнага калідорчыка, адкуль чалавек заўсёды з'яўляецца незаўважна.
Калідорчык будзе называцца "Завулак "А хто там ідзе