Шчэ трэба разумець, што мы цяпер жывем ў моцна скажонай інфармацыйнай прасторы, прычым не толькі ў нашых межах, але і наогул. У свеце не надта спакойна, асабліва вакол нас. Як і заўсёды ў гарачыя часы, вялікая колькасць дэзінфармацыі, свядомай і несвядомай, безліч розных прамоўцаў і аналітыкаў самага рознага гатунку, нейкіх дзіўных тг-каналаў, паведамленняў "ад аднаго знаёмага", папярэджанняў кшталту "тым, у каго была падпіска на каналы, выбілі дзверы, а ў каго не было, таму не выбілі і не знайшлі да чаго прычапіцца" (ну блін, рабяты, вы сур'ёзна?) версій, тэорый, укідаў, страшылак і пугалак. Хвост круціць сабакам.
Трэба трэніраваць крытычнае мысленне, захоўваць інфармацыйную гігіену, мыць рукі пасля некаторых прамоўцаў і не распаўсюджваць бздуры.
Ёсць шмат крытэраў, па якіх інфармацыя, вартая ўвагі, адрозніваецца ад смецця. Для смецця характэрна найперш: гранічная эмацыйнасць, апеляцыя да сумнеўных крыніц і псеўдааўтарытэтаў, спасылкі на перакладныя рэсурсы замест арыгінальных (а яшчэ, бывае, спасылаюцца на які-небудзь пост фэйсбучнага аналітыка з двума падпісчыкамі), наяўнасць лагічных супярэчнасцяў у тэксце, пропуск звёнаў у ланцугу доказаў, выразная ангажаванасць пазіцыі, і нават моўныя памылкі (не блытаць з абдрукоўкамі).
І гэтыя скілы важна цяпер "качаць".