Дзённік настаўніцы. 16 снежня

Ганна Севярынец
16.12.2021

Калі я вучылася ў малодшай школе, мяне заўсёды садзілі за адну парту з хлопчыкамі. Прычым заўсёды гэта былі якія-небудзь небаракі, балбесы, двоешнікі і расамахі, якія забываліся на сшыткі, алоўкі, каляровую паперу на труды і хатнія заданні. Цяпер я, канешне, разумею, што гэтае насланнё было настаўніцкім разлікам: я заўсёды добра вучылася і была схільная да апекі, дык павінна была на гэтых небаракаў добра ўплываць.

І я ўплывала вельмі старанна, але як жа яны мяне даставалі! Проста да пячонак. І не толькі сваёй дурасцю і неарганізаванасцю, але і тым, што ўрэшце рэшт такі хлопчык прызнаваўся мне ў каханні, І я пачынала яго люта ненавідзець, бо з тымі, хто падабаўся мне самой, мяне ніколі не садзілі.

Аднойчы памятаю, адзін звалі яго Дзіма, і ён памёр зусім маладым, неяк па п'яні залез пад парту і праседзеў там цэлы ўрок. Я сышла на нет ад такіх паводзінаў, але паколькі на той момант ужо цярпець яго не магла, плюнула і занялася вучобай. На перапынку ён паклікаў мяне на вуліцу нейкім такім голасам, што я скрывілася, але пайшла. Была зіма, там ён стаў таптацца па снезе. Топчацца і топчацца. Бачу, ледзь не плача, а тады здымае абутак а там на падэшве тлуста чарнілам намазана: "Аня, я тебя люблю". Гэта ён думаў, што яно адціснецца на снезе. Пайшла і папрасіла мяне перасадзіць, але настаўніца адгаварыла мяне, і я мучылася з Дзімам яшчэ дзве чвэрці.

А ў пятым класе адзін з такіх хлопчыкаў харошы насамрэч, але такі ж балбес, як і ўсе, каго да мяне садзілі так збрыдаў мне, так збрыдаў, што я ўскочыла проста на ўроку і так яго адкалашмаціла, што ў яго зляцелі і разбіліся акуляры.

Рэпутацыя ў мяне была бездакорная, таму нічога мне за тыя бітыя акуляры не было, ды і ён быў не ў крыўдзе, бо я яму падабалася і ён насіў за мной партфель, але з хлопчыкамі мяне болей ніколі, да канца школы, не садзілі)

Іншы раз я бачу такіх дзяўчынак у школе) І падмігваю ім заўсёды) І яны мне ў адказ)