Дзённік настаўніцы. 9 лютага

Ганна Севярынец
09.02.2022

Сёння з дзесяцікласнікамі на літаратуры сярод іншага чыталі верш Дудара "Я малады". Выказаліся дзве дзяўчынкі і хлопчык.

"Такое адчуванне, што за яго думае не мозг, а кроў. Такія людзі сябе не кантралююць, а робяць што хочуць", — строга сказала адна дзяўчынка.

"Мне падаецца, так, як у гэтым вершы, думаюць толькі дзеці. Дарослыя мусяць кантраляваць свае эмоцыі!" заўважыла другая.

"Харошы верш. Мне падабаецца. Я гэтага аўтара разумею",  сказаў хлопчык.

 

Алесь Дудар. Я малады

 

Хто прайшоў галаву павесіў.

(Міліёны пудоў у гадах.)

Ну, а я малады мне весела

разагнацца ў мяцежную даль.

 

Мне жыццё сусветнае свята,

мне прапоны большы разгон.

Я цяпер без багацця багаты

на зары квітнеючых дзён.

 

 Гэта кроў не баіцца смерці,

гэта сэрца распаліць лёд,

гэтых думак кіпучага смерчу

не абгоніць птушыны лёт.

 

Вось вышэй бы за ўсіх узняцца,

я увесь непакорны шквал.

 

Што ж рабіць, калі дух юнацкі

агарнуў ваяўнічы запал;

што ж рабіць, калі фарбы раніцы

у грудзёх завялі карагод;

што рабіць, калі кроў барабаніць

заклікае ісці у паход?

 

 Хто прайшоў галаву павесіў.

(Міліёны пудоў у гадах.)

Ну, а я малады мне весела

разагнацца ў мяцежную даль.

 

1924