Цяжка жыць, калі ты адначасова і русіца, і беларусіца:)
Моцна памылілася ў тактыцы размеркавання твораў, і цяпер мой дзясяты адначасова чытае "Карэніну" да ўрокаў рускай літаратуры — і "Пошукі будучыні" да ўрокаў беларускай.
З аднаго боку — выгода на баку беларусіцы. Калі адначасова глядзець на гэтыя творы, бачна розніца на карысць Кузьмы Чорнага: "Карэніна" чытаецца больш драбязной, пабытовай, Чорны ўвесь касмічны, дый сюжэт "Пошукаў будучыні" больш пакручасты.
З іншага боку — у падтрымку "Карэнінай" паўтары сотні гадоў прамоцыі, руская мова, якая для дзяцей лягчэй, і кіно з Кірай Найтлі.
Спачатку спрабавала "перакідаць масткі" ад аднаго твора да другога, будаваць гутаркі на ўроках так, каб можна было адну і тую ж праблему разгледзець на прыкладзе абодвух раманаў. Заўважыла, што гэтым моцна спрашчаю Чорнага.
Цяпер вырашыла кардынальна развесці абодва творы і сцвярджаць перавагу "Пошукаў будучыні" за кошт цікавых заданняў. Маніпуляцыя, канешне, і не зусім прыстойна па-настаўніцку, але.
От сёння прачнулася пасярод ночы, каб прыдумаць якое-небудзь нестандартнае заданне па першай главе "Пошукаў". Спачатку ў галаву лезуць, канешне, усялякія шаблоны кшталту "характарыстыкі персанажаў", "параўнальных табліц", "сімвалічных дэталяў" і іншай бздуры, ледзь распіхала іх па кутах свядомасці. Потым думала была: а няхай складуць брыфлі па першай главе. Нарысуюць комікс. Прыдумаюць мульт. Не, усё не тое.
Карацей, во толькі што дадумалася, фуф:) Няхай прадумаюць і сфармулююць дзесяць праблемных пытанняў, і не ў паветра, а да самога Кузьмы Чорнага, па змесце першай главы:) І няхай пытанні пачынаюцца са словаў "Чаму", "Навошта" і "А што, калі..." А на наступным уроку памяняюцца пытаннямі і адкажуць на пытанні суседа:)