Увесь дзень думаю пра тое, як важна ўсё ж такі выхоўваць дзяцей, якія ўмеюць казаць "не".
І так, я зноў назаву іх непаслухмянымі, хаця гэтае слова - непаслухмяныя дзеці - выклікае кагнітыўны дысананс у бацькоў, прызвычаеных да "паслухмянасці дзяцей" як да каштоўнасці.
Падаецца, што цяпер зусім не час разбірацца ў тонкасцях выхавання. Але дзеці - яны растуць проста цяпер. У нас, дарослых, у гэтыя дні суткі і тыдні мільгаюць куляй, мы ўсе ў стрэсе, у нас ляцяць усе сістэмы, ад нярвовай да імуннай, але дзеці растуць проста цяпер, і выхоўваюцца проста цяпер, гледзячы на нас.
Я не буду развадзіць тут лонгрыды наконт таго, чаму так важна выхаваць у дзяцей навык непаслухмянасці, здаецца, цяпер гэта выразна бачна, што бывае, калі цэлыя народы і нацыі выхоўваюцца пад сцягам "а падарункі толькі паслухмяным дзецям". Таму я проста дам парады - як мама трох надзвычай непаслухмяных дзяцей.
1. З непаслухмянымі дзецьмі заўсёды СКЛАДАНА. Гэта трэба прыняць як аксіёму. Мець дома гарнізон паслухмяных дзяцей надзвычай зручна: гаркнуў - і яны ў цябе накормленыя, напоеныя і ляжаць у ложках у дзевяць вечара, здаўшы тэлефоны і прачытаўшы пяць старонак кніжкі па праграме. Таму заўсёды існуе небяспека забіць на свабоду і пачаць выхоўваць паслухмяных дзяцей.
2. Навык непаслухмянасці НЕ АЗНАЧАЕ навыка свавольства. Ёсць межы, якія прыстойны чалавек мусіць ведаць і бачыць. Найперш гэта тычыцца фізічнай бяспекі (можна: эксперыментаваць пад назіраннем дарослых, лазіць на дрэвы, хадзіць па лужах, бегаць пад дажджом без парасона, есці пясок; нельга: тыкаць відэльцы ў разеткі, размахіваць нажніцамі і нажамі, залазіць на тры табурэткі, пастаўленыя адна на адну і гэтак далей) і безумоўных маральных патрабаванняў (можна: дапамагаць, аддаваць апошняе, сябраваць з кім лічыш патрэбным, кахаць каго абірае сэрца; нельга: падстаўляць, здаваць, кляўзнічаць, нарушаць слова, цэліць нават з цацачнага аўтамата ў жывых істот, біць катоў і сабак, разбураць гнёзды, жадаць смерці, красці).
3. Навык непаслухмянасці ПРАКАЧВАЕЦЦА і трэніруецца. З самага маленства. Там, дзе бацькі могуць саступіць патрабаванням дзіцяці - яны мусяць саступіць. Іншы раз я, напрыклад, бачыла, што дзіцёнак будзе супраціўляцца маёй забароне - і тады спецыяльна што-небудзь забараняла, каб ён давёў да мяне сваю праўду і пераканаў мяне, і я б саступіла, і ён бы адчуў сваю моц і маю дамоваздольнасць. Вызначыць моманты, у якіх бацькі павінны саступаць дзецям, даволі проста. Нармальныя дзеці, атрымаўшы несправядлівую забарону, заўсёды пытаюцца: "А чаму нельга?" Дык вось калі ў вас адказам на гэтае пытанне нараджаецца аргумент кшталту "Таму што я так сказаў" - вы не правы, а маленькі чалавек - правы.
4. Выхаванне дзяцей магчымае ТОЛЬКІ на ўласным прыкладзе, і НЕМАГЧЫМАЕ праз натацыі, гвалт, пакаранні альбо забароны. Нельга патрабаваць ад дзяцей таго, што вы не робіце самі. І адпаведна: калі вы дзесьці дазваляеце сабе парушыць нормы маралі, дзеці іх таксама будуць парушаць.
5. Непаслухмяныя дзеці мусяць ведаць, што любыя правы даюцца чалавеку толькі разам з абавязкамі. Нават святое права на жыццё даёцца чалавеку разам з абавязкам не адбіраць гэтае жыццё ў іншага. Парушыў свой абвязак - згубіў правы. Усе абавязкі ў сям'і мусяць быць цвёрда размеркаваныя ў агульным абмеркаванні і занатаваны ў зразумелай для ўсіх форме, можна нават пісьмова. Дзеці, дарэчы, вельмі любяць такія пісьмовыя дамовы: і складаць, і выконваць.
6. З дзецьмі трэба быць у кантакце па важных справах - і не дурыць ім галаву ў няважных. Школьныя адзнакі і наогул вучоба - гэта сфера адказнасці дзяцей, таму для вас гэта - няважна. Здароўе і бяспека - гэта да пэўнага моманту сфера адказнасці бацькоў, і таму гэта - важна. Канфлікты, сацыялізацыя, уменне альбо няўменне прымаць рашэнні ў складаных сітуацыях - гэта сфера адказнасці бацькоў (навучылі альбо не навучылі), і таму гэта - важна. Пакой падлетка, ягоны працоўны стол і партфель - гэта сфера адказнасці дзіцёнка, і таму гэта - неважна. Пры гэтым як толькі ў вас просяць дапамогі ў складанай сітуацыі - вы мусіце ўсё кідаць і дапамагаць. Бо гэта бацькоўскі абавязак.
Безумоўна, усе дзеці розныя і ўсе сем'і розныя. У нармальнай сям'і ўсё можа быць не так і па-іншаму, акрамя аднаго агульнага правіла. Непаслухмяныя дзеці - гэта натуральна. Так задумана прыродай. А прырода задумвае нешта толькі для таго, каб біялагічны від мог існаваць далей. А не вымер з-за глупства сваіх прадстаўнікоў.
Што мы і бачым вакол сябе цяпер з такой відавочнасцю.
…
Неадступна думаю пра сваіх дзяцей. Але не пра тое, чаму ім зараз можа быць цяжка - у Жэні вельмі благі зрок, у Любы хворыя каленкі, абедзьве надзвычай адчувальныя да хамства і прыніжэння - а пра тое, чаму ім зараз можа быць лёгка.
Думаю пра тое, што Жэня была вядучай цымбалісткай аркестра. Іх аркестр народных інструментаў выступаў без дырыжора, і сярод дзяцей нехта мусіў і даваць сігнал да пачатку, і выпраменьваць упэўненасць, і трымаць тэмп. Я тады ўпершыню даведалася пра тэрмін "плюс-старт": асаблівае ўменне некаторых людзей выяўляць дадатковыя якасці ва ўмовах стрэсу. Жэня мая - плюс-стартавы чалавек, і ў бойцы характараў заўсёды выйграе.
А пра Любу ўспамінаю, як у дзіцячым садку мяне папрасілі перавесці дачку ў групу не па ўзросце, у больш старэйшую, бо яна ламала дысцыпліну: дзеці, як зачараваныя, хадзілі за ёй цугам і слухаліся яе, а не выхавацелек. Сама па сабе Любаня эмацыйная і чуллівая, але калі побач ёсць нехта слабейшы - яна пачынае такім чалавекам апекавацца, і на мацярынскім інстынкце можа трымацца вельмі доўга.
А яшчэ яны абедзьве - даўнія і паспяховыя гульцы ў Што? Дзе? Калі?, і я думаю, яны змогуць там арганізаваць пару турніраў для таварышоў.
А яшчэ я ўспамінаю, як яны абедзьве паехалі ў санаторый, а я моцна па іх сумавала, глядзела ўвечары на месяц і думала: эх, былі б яны зараз не ў санаторыі, якога я не бачу, а ў камандзіроўцы на месяцы, які я бачу. І я б глядзела зараз на месяцовы дыск - і думала, што гляджу якраз на іх.
Прэзідэнтамі любых краін мусяць быць жанчыны. І лепей за ўсё - маці. Тады не будзе ніякіх войнаў і ніякіх рэпрэсій. А для хлопчыкаў - бясплатны страйкбол.