Калі я думаю пра людзей, адурманеных цяперашняй прапагандай, адразу ўспамінаю тых, з кім, на шчасце, даўным-даўно, шчэ да 2020 года нават, разарвала ўсялякую сувязь - а я гэта ўмею, проста выдаляць непрыймальнага чалавека са свайго жыцця рэзка, цалкам і без шкадавання.
З найлепшай сяброўкай юнацтва я развіталася ў той момант. калі яна спецыяльна прыехала да мяне ў госці, каб пераканаць наконт Ільюхі: я вельмі доўга карміла яго грудзямі, да трох год. Пасярэдзіне гэтага працэсу я перажыла сапраўдную маральную бамбардзіроўку, днямі, тыднямі: што ты робіш, перастань, каго ты росціш, пашкадуй сябе, спыніся. Усё гэта яна рабіла, безумоўна, ад вялікай любові да мяне (я не іранізую).
Шчэ была ў мяне блізкая сваячка, якая прыязджала да мяне ў госці - і пакуль я на кухні рыхтавала стол, яна перакладала на маёй паліцы ў шафе мае майткі і станікі, каб быў парадачак. Яна думала, што мне няма калі прыбрацца і такім чынам дапамагала.
Абедзьве цяпер на баку агрэсара, і мне не дзіўна. Гэта тая ж самая метода: ад вялікай любові пайсці - і запатрабаваць ад чалавека жыць па чужых правілах. Яны так жывуць, мільёны людзей, у іх такая матрыца паводзін. Ім гэтая прапаганда абсалютна родная.
Кожны раз, калі камусьці з нас хочацца загадаць іншаму чалавеку, як яму будаваць сваё прыватнае жыццё, кожны раз, калі з вялікай любові да кагосьці так і карціць перайсці асабістыя межы, калі мы думаем чамусьці, што нам лепей ведаць, як жыць суседу - мы мусім памятаць, як аднойчы адна краіна вырашыла навесці парадачак унутры другой. Ад вялікай і святой, канешне ж, братняй любові.
Дарэчы, калі пад мімішнымі фоткамі кацянятак хто-небудзь прыходзіць і піша "А кошачку сваю стэрылізуйце" - гэта тое самае. Ага.
…
Прачытала дзесьці, што ўсё адно трэба думаць пра будучыню і спрабаваць планаваць жыццё ў нейкіх магчымых катэгорыях. Другі дзень выконваю гэтае практыкаванне. Атрымліваецца не надта, між тым некаторых поспехаў я дасягнула.
Паставіла першай мэтай пасадзіць бульбу, хаця яшчэ увосень мы засеялі поле аўсом і думалі гэты бульбяны сезон пабіць лынды і даць адпачыць сабе і зямлі.
А другое - не мэта нават, а проста візуалізацыя будучыні. Калі- небудзь - а гэта можа адбыцца толькі ў выпадку самага добрага развіцця маштабных падзей - я буду чытаць на філфаку БДУ беларускую літаратуру дваццатых. Мяне туды не ўзялі яшчэ ў далёкім 1998 годзе, сам рэктар пакруціў пальцам ля скроні і сказаў тым, хто прынёс мае дакументы на ўхваленне: вы што, звар'яцелі, чалавека з такім прозвішчам на кафедру.
Але я буду. Вось пабачыце.