Дала я тут днямі дзецям тэму для невялікага эсе: "Як супрацьстаяць фэйкам". Напісалі, памяняліся работамі, самі ацанілі, потым зачытвалі і абмяркоўвалі. Дзеці пісалі без энтузіязму: сказалі, што гэта тэма ім ужо абрыдла, яны яе шмат разоў на розных занятках абмяркоўвалі і ўсё ведаюць, і умеюць адрозніваць фэйкі на раз-два-тры. Ладна, кажу, от я не ўмею, часта блытаюся, таму напішыце інструкцыю для мяне.
У выніку гэтыя светлыя душы склалі мне інструкцыю, у якой з большага было напісана, што праўдзівую інфу, у адрозненне ад фэйкаў, даюць афіцыйныя каналы дзяржаўных устаноў, што каб праверыць фэйк, трэба параўнаць тры крыніцы і што фэйк у адрозненне ад праўды будзе больш эмацыйным.
Ёшкін кот. Ёшкін жа кот. Падумала я сама сабе. І сказала нават услых.
Тады спытала ў іх: а на якіх мовах вы шукаеце надзейныя крыніцы, каб набраць ажно тры? На адной ці на розных? А ці адрозніваеце вы адну дзяржустанову ад іншай у сэнсе распаўсюду фэйкаў? А як вы можаце праверыць праўдзівасць інфармацыі, калі яе ўжо разнеслі па ўсім сеціве сотні сайтаў, кожны з якіх абапіраецца на папярэдні?
І галоўнае. Ніхто, ніхто, ніводная святая душа не дадумалася, што першы і самы важны спосаб адрозніць фэйк ад праўды - гэта ШМАТ ВЕДАЦЬ. Гісторыю, фізіку, хімію, біялогію, геаграфію, асаблівасці культур розных краін, найперш - ШМАТ ВЕДАЦЬ, таму што першае і асноўнае адрозненне фэйка ад праўды - у ім заўсёды будзе парушана логіка рэчаіснасці і заканамернасці існавання фізічнага свету. "Новы крэм з экстрактам бурштыну!" - ёлкі-палкі, калі ты не ведаеш, што такое экстракт, ты не адрозніш гэты фэйк ад праўды, хаця б ты і перакапаў сто крыніц, якія падаюцца табе надзейнымі. "Расія ніколі не нападала першай" - камон, рабяты, гэта імперыя, гэта не справа веры альбо эмоцый, гэта проста законы існавання імперый. Гісторыя плюс грамадазнаўства вам у дапамогу. "Мы шукалі інфармацыю пра "Дубовку", гэта горад, а не паэт" - чорт вас вазьмі, вы на якой мове рабілі запыт?
Апошнім часам у адукацыі пашыраецца думка, што, маўляў, не трэба піхаць у людзей эмпірычныя веды, бо любы факт можна неадкладна загугліць. Але нельга загугліць тое, чаго не ведаеш, блін. У выніку дзеці, і не толькі дзеці, гугляць чорт ведама што чорт ведама дзе і ствараюць нейкія бурбалкі замест думак.
Адукацыя і выхаванне, адукацыя і выхаванне, адукацыя і выхаванне. Асвета і папулярызацыя навукі. Урокі, урокі, урокі. Праца, праца, праца, да сёмага поту.
Я і сама, канешне, апошнія два тыдні фактычна не вучу нікога. Заходжу ў клас у тумане, у тумане ж і выходжу. Што праўда, рэзка перафарматавала кола чытання: на літаратуры ў дзясятым чытаем Рэмарка, у пятым - "Хронікі Нарніі".
А з фэйкамі я іх дацісну, канешне. На адрэналіне.