Ганна Севярынец
01.04.2022
Думаю пра бязлітасную і ўратавальную ўласцівасць нашай псіхікі: адключаць пэўныя механізмы рэагавання ў выпадку жахлівых падзей. Навокал столькі гора, столькі чыстага зла, тупасці і несправядлівасці, што, здаецца, быў бы птушкай - скамянеў бы, задыхнуўся б у імгненне, упаў на зямлю, разбіўся б на кавалачкі і разляцеўся пылам.
А так жывеш, гатуеш ежу, нават іншы раз пасміхаешся. От гэта самае дзіўнае для мяне. Так, падаецца, жывуць дрэвы і кветкі, і вада таксама, тыя, хто ў старадаўніх кніжках спачувалі галоўнаму герою і размаўлялі з ім. Махнулі рукой на чалавека і перасталі суперажываць.
У першыя дні было ўнутры нейкае адчуванне: схапіць Украіну ў абдымкі, прыціснуць да грудзей, закрыць целам усім, як дзіця.
Цяпер іншы раз хочацца, каб Украіна абняла мяне, бо мы тут унутры сваёй краіны нават вайны такой не вартыя, бо не вытрымалі б яе.
Тое, што адбываецца ў нас, у маральным сэнсе шчэ жутчэй. Як заўсёды, наш крыж невыносна цяжкі, можа, самы цяжэйшы, хаця гэта і бздура, мерацца крыжамі.
Якімі скалечанымі мы выйдзем з гэтых часоў, страшна падумаць.