Дзённік настаўніцы. 13 красавіка

Ганна Севярынец
13.04.2022

Я цяпер шмат размаўляю з падлеткамі пра крытычнае мысленне: не столькі нават аб практыцы ягонага прымянення, а пра метадалагічныя асновы. Падлеткі ў гэтай тэме - надзвычай цікавыя суразмоўцы, бо барацьба з несправядлівасцю свету, стэрэатыпамі і старымі аксіёмамі - іх прыродны абавязак і натуральны стан:)

Адзін хлопчык прапанаваў мне шыкоўны спосаб, як адрозніць крыніцы фэйкавых навін ад крыніц надзейных: калі ты бачыш, што твая крыніца прызнае свае памылкі і з выбачэннямі абвяргае свае ўласныя ўчорашнія паведамленні - яна надзейная.

Яшчэ адна дзяўчынка сфармулявала галоўнае адрозненне прапаганды ад агітацыі: прапаганда складаецца з эмоцый, агітацыя - з фактаў.

А яшчэ аднойчы мы самастойна прыйшлі да простай высновы, што галоўны аб'ект крытычнага мыслення - гэта сам суб'ект мыслення. Калі чалавек крытычна асэнсоўвае наваколле, але некрытычна - сябе, ён ёсць самым небяспечным сярод людзей. Ужо лепей каб ён ніякага мыслення ня меў.

Мне даводзілася сустракаць людзей, якія ўпэўненыя ў тым, што мысляць крытычна: яны абвяргаюць фэйкі і стэрэатыпы, выстройваюць перпендыкулярную лінію да агульнапрынятай думкі, руйнуюць правілы і маральныя законы, і дадаюць пры гэтым: бла-бла-бла, крытычнае мысленне.

Але не, дарагія таварышы крытычныя мысляры. Так гэта не працуе. Напэўна, першы і галоўны паказчык крытычнага мыслення - сумнеў ва ўласнай праўдзе.

Гэта цяпер - адна з маіх галоўных думак. Нечакана я заўважыла, што ўсе вядомыя мне сучасныя даносчыкі - гэта якраз людзі гэтага кшталту. Тыя, пра каго мы здзіўляемся: як так, чалавек з вышэйшай адукацыяй, разумны, з галавой на плячах, так лагічна разважае, так крытычна думае - і даносчык. А ён таму і даносчык.

Усё думаю пра настаўніцкі прэвентыўны ўдар:)) У які момант я магу гэта заўважыць у чалавеку і як спыніць - гэтае няўменне сумнявацца ў самім сабе.