Дзённік настаўніцы. 30 мая

Ганна Севярынец
30.05.2022

Я тут выпадкова стала класнай кіраўніцай:) Давялося падхапіць будучых выпускнікоў замест іх шыкоўнай, адзіна правільнай кіраўнічкі, якая вымушана з'ехала за мяжу.

Я, канешне, у роздуме і роспачы, бо класны кіраўнік з мяне ніякі, асабліва цяпер, і неяк сам сабою абраўся ў мяне ўнутры адзіна магчымы зараз для мяне псіхалагічны шлях: няхай гэта дзеці бяруць мяне пад сваё крыло і выхоўваюць так, як ім трэба.

Сёння, напрыклад, была ў нас гадавая рэфлексія - цудоўны стэмбрыджскі звычай абдумваць і прагаворваць уражанні ад школьнага жыцця. Прыйшла я да дзяцей разгубленая: досведу агульных, публічных рэфлексій у мяне няма, тым больш - досведу кіравання рэфлексіяй падлеткаў. Прыйшла і кажу: ну, расказвайце, як гэта ў вас бывае.

Ну як бывае, кажуць дзеці. Каго трэба хваліць, хваляць, каму трэба зрабіць заўвагу - таму робяць.

Эге, думаю, гэта тое, што мне патрэбна.

Тады давайце, кажу, рабіце заўвагі мне. Хваліць не трэба, я і сама сябе пахвалю лепей за іншых, а заўвагі - давайце.

І яны тады бадзёра і з гатоўнасцю выказалі мне тысячу і адну заўвагу наконт маёй манеры выкладаць літаратуру, дараваць дэдлайны, завышаць адзнакі і выбачаць тых, хто нічога не чытае. Усё выслухала з удзячнасцю і абяцала ўсё лета думаць над новымі падыходамі:))

Ну, а потым мы дамовіліся праводзіць усе наступныя рэфлексіі па-беларуску, завесці спачатку адзін, а потым і некалькі беларускіх дзён, калі будзем размаўляць між сабой толькі па-нашаму, потым я дастала прынесеную загадзя калекцыю паштовак з колішняга майго захаплення посткросінгам, расказала дзецям, нашто на паштоўках маркі і як карыстацца поштай (не электроннай, электроннай яны ўмеюць, а вось звычайнай наземнай поштай - ані), потым яны выбіралі сабе паштоўкі і расказвалі пра свой год праз выявы на паштоўках, а напрыканцы паваражылі сабе на будучыню на слоўніку фразеалагізмаў:)

Хаос і разбурэнне стэрэатыпаў у адной асобе гэта называецца, а не класнае кіраўніцтва:)