Дзённік настаўніцы. 14 чэрвеня

Ганна Севярынец
14.06.2022

Распаўсюджваецца нейкі дзіўны спіс беларускіх пісьменнікаў, нібыта рэкамендаваных да выкіду са школьных бібліятэк. Слухайце. Большай часткі пералічаных там пісьменнікаў і так ані ў праграме, ані ў школьных бібліятэках не было. Правярайце інфармацыю. А то самі сваімі рукамі зараз шораху навядзеце.

 

А цяпер як гэта працуе  – для тых, хто не зразумеў, пра што папярэдні пост. Закідваецца ў сеткі які-небудзь сумнеўны ліст без афіцыйных каардынат. А можа нават у дзве бібліятэкі прыходзіць. Сацсеткі пачынаюць нервавацца і кідацца ў драму. Бібліятэкары чытаюць гэтае вось усё  –   і прыбіраюць кнігі з паліцаў, нават не атрымаўшы афіцыйнага ліста. А яго можна і не рабіць  –   усе ўжо самі ўсё папрыбіралі. Тактыка вельмі даўняя і, як выглядае, працоўная.

Насамрэч са школьнай праграмы нешта выкінуць не так і проста. Тэксты тых жа Баравіковай, Далідовіча, Зуёнка і некаторых іншых  –  не проста ў праграме, яны ў хрэстаматыях і падручніках. Гэта не выдаляецца на раз-два.

Таму  –  калі ласка, ну давайце акуратней з рэпостамі і публічнымі гістэрыкамі. Проста каб у бібліятэках як надалей заставалася тое, што мусіць там быць. Каб бібліятэкары, якія і так панікуюць, як мага даўжэй трымаліся. Каб не пачалі выносіць стосамі, паддаўшыся паніцы.

Таму што цяпер любы чыноўнік з міністэрства можа сказаць (і будзе мець рацыю): мы нічога не забаранялі, трэба менш чытаць экстрэмісцкія каналы.