У мяне, канешне, даволі спецыфічная ўнутраная эміграцыя – у 1928 год. Часы што тыя, што гэтыя, па сабе вельмі падобныя, хіба што гэтыя -– у працэсе, а тыя – ужо скончыліся, закансерваваліся, усе сюжэты атрымалі працягі і фіналы, і таму яны падаюцца больш зразумелымі.
І я заўважаю, як мне важна разумець час у ягоных невялікіх, ледзь заўважных рухах. Той я, здаецца, з большага разумею, гэты – не да канца.
Але так прыемна адчуваць сябе ўсе яшчэ "у тэме", хаця шмат чаго з даваенных маіх росшукаў з галавы павысыпалася. Вось, прыкладам, гартаю падшыўку "Саўбеліі", і раптам заўважаю – з нумара ў нумар пачынаюць ісці фельетоны Паўлюка Шукайлы. Да ладна, думаю, каб Чарот даў пляцоўку Шукайлу? Ды не можа таго быць! Гляджу на апошнюю паласу – і праўда) Чарот сышоў у адпачынак, а яго замяняе Шастакоў. Гартаю далей і тут – опа! Невялікі артыкульчык Вацлава Ластоўскага. Да ладна! Шастакоў каб падпісаў паласу з Ластоўскім?? Гляджу подпіс рэдактара на апошняй паласе – а гэта ўжо Чарот з адпачынку выйшаў) І на першай паласе цэнтральнай газеты даў месца непажаданаму аўтару.
Потым, калі ўсё скончыцца, гэты наш цяперашні час таксама набудзе выразныя абрысы і стануць зразумелымі розныя дробязі, якія мы сёння ці не заўважаем, ці не можам сабе патлумачыць.
У кожнага з нас навечна пакоцаныя і парэпаныя аўтабіяграфіі – як ва ўсіх, каму давялося жыць у падручніку гісторыі.