Увесь дзень трапляюцца ў стужцы відэа, як пілігрымкі з розных гарадоў заходзяць у Будслаў. І ад кожнага відэа пачынаю раўсці бялугай, слёзы коцяцца самі сабой і не спыняюцца. Абрыдалася за дзень ушчэнт. І гэта я шчэ нерэлігійны чалавек. Проста гэтая вось ідэя: па спёцы, па сваёй зямлі, сваімі ножкамі, да сваёй абаронцы, у шматпакутны храм, сваімі ручкамі пабудаваны і адноўлены, нейкая яна вельмі нашая.
Не, беларусы – не вялікі народ. Крый Божа ад народнай велічы. Але беларусы такі прыгожы, цярплівы, цягавіты і спакойны народ, што мне іншага не трэба.
…
Гэты клён я памятаю маленькім,
Гэты дуб памятае маленькай мяне.
На гэтай прыступцы я збіла калісьці каленку,
А гэты чарот да сёння бачу ўва сне.
Гэтая рака раз на пяць год мяняе свой бераг,
Няма нічога больш вечнага, чым гэтая змена.
Я не веру ў перамены – я ведаю,
Што яны неадменныя.
Тым, хто будзе пасля, абавязкова падасца,
Што яны ведаюць, якім жыццём жыве гэты клён.
Што яны змогуць вечна ў гэтай рацэ купацца,
Што гэта яны адкрылі від з гэтых вакон.
І мы з табой будзем жыць ціха-ціха,
Каб не плёхнуць халоднай вадою на вогішчы іх душы.
Мілы мой. У дом нашага з табою дзяцінства
Уваходзяць бязлітасныя мурашы.