Ведаеце, што. Шмат роспачы навокал. Такой жудаснай роспачы, гранічнай. Я так скажу. Уявіце сабе, што вас у такім стане пабачыў Мукавозчык. Ці хто там яшчэ з іх. І вы седзяце перад ім, у роспачы, слязах і адчаі. Буэ.
Трэба жыць і рабіць сваё хаця б назло. Рабіць дабро са зла, бо няма з чаго яго рабіць цяпер, акрамя як так.
У нас шмат спраў. Зараз усім цяжка, а сем'ям палітвязняў – яшчэ цяжэй. Яны не перасталі мець патрэбы ў падтрымцы. Знайдзіце сабе адну сям'ю -– і апеквайцеся ёй. У нас растуць дзеці. Ім трэба любоў і павага, вандроўкі і шчаслівыя сямейныя вечары. Выдаюцца кніжкі, спяваюцца песні, ім трэба гледачы і слухачы. На будучыню трэба пісаць мемуары, хто ўмее і можа, трэба занатоўваць час. Няма калі рыдаць, ну праўда.
…
Балада пра апошні ўдых
Ён быў натхнёны і малады
У гэты прыгожы год.
У каго быў сцяг, у кагосьці - дым,
У яго ж быў кісларод.
Балон на літраў пад сто пяцьсот,
Дыхай – і руш далей,
Праз вагонь, праз слёзы, праз кроў і пот,
І бруд, і золь, і глей.
І як першы ўпаў – маску на твар,
Дыхай! – і дыхаў той,
І зноўку трываў, і трымаў удар,
І праз пекла ішоў пехатой.
І з кім ты дыхаў у масцы адной –
іх незлічона было.
Пусцеў балон, бліжэла дно,
Ды верыў, што дапамагло.
А час ляцеў, ішоў, папоўз,
І зводу няма чарцям,
І ўжо задыхнуліся тыя, хто
Спрабаваў ратавацца сам.
А потым і тыя, каго ратаваў,
Глыталі атрутны дым,
І вам засталося на ўдых напалам –
З тым, хто першым быў.
Той маску рашуча сарваў – і лёг:
Ідзі, не глядзі на мяне.
Табе я вяртаю нясплатны доўг
На гэтай апошняй вайне.
Няхай табе хопіць яшчэ на ўдых,
На пераможны крок.
Я бачу: сонца б’ецца праз дым,
Я веру: сыходзіць змрок.
І б’ецца ў лёгкіх ягоны дар,
І вагонь спапяляе зло
Над зямлёй, дзе няма з кім трымаць удар,
І няма з кім дзяліць святло.
…
От харошы дзянёк) І настрой добры, хаця і стрыманы, і працуецца, і пішацца)
Калі пра кошт гэтага ўсяго не думаць.
…
Ужо даўно заўважыла: варта крышачку парадавацца, асцярожна, на трацінку ад колішняга ўмення, і потым дні два поўзаеш зусім без сіл. Радасць адымае моц чамусьці.
А шчэ кажуць, чаму беларусы на вуліцы не пасміхаюцца. Батарэйка зарад не трымае бо.
…