Увосень 2016 года, прыблізна вось у такі час, адным днём я выйшла з архіва дыхнуць халоднага паветра: чарговы раз гартаючы фонды Маладняка, я натрапіла на ліст Дудара да Дубоўкі, дасланы з Полацку ў 1925 годзе, прачытала яго нібы наноў, і на мяне нечакана абрынулася магутнае і невытлумачальнае для мяне захапленне ягоным аўтарам. Усё: манера складаць словы ў сказы, почырк, жарцікі і кпіны, заўвагі і крыўды гэтага ліста – чамусьці менавіта ў тую хвіліну шчоўкнулі ўнутры мяне і сталі на свае (мае) месцы.
За гэтыя шэсць год я выдала дзве кнігі ягоных тэкстаў, напісалася ў мяне пра яго "Гасцініца Бельгія", безліч артыкулаў, прайшлі сотні лекцый і імпрэзаў, тры адмысловыя экскурсіі, праведзеныя дзясяткі разоў, адбылася шыкоўная выстава ў музеі Броўкі, у Менску з'явілася вуліца ягонага імя і хутка, спадзяюся, будзе кіно, а ў будучым, абяцаю, будзе музей.
Гэта, канешне, было не першае маё захапленне – за жыццё я давала такога ж маштабнага нырца шмат куды. І кожны раз гарачая цікавасць доўжылася пяць гадоў, а потым знікала. Такі цыкл унутраных працэсаў.
Шчэ тады я падумала: няўжо праз пяць гадоў усё гэта зноў стане для мяне толькі гісторыяй, тлумачэннем нейкага перыяду ў жыцці.
Хто ж ведаў, што нас усіх чакае праз пяць гадоў.
І выйшла так, што Дудар нікуды не знік з мяне, бо час спыніўся. Цяпер ягоныя тэксты – і вершы, і лісты, і артыкулы - сталі для мяне мантрай, у якой я даўно нічога не шукаю і над якой не рэфлексую, а проста перабіраю, чытаю сама сабе на памяць, пакуль іду па горадзе, згадваю радком, памерам, спалучэннем гукаў – гэта як якар, які трымае мяне цяперашнюю ля мяне колішняй. Раней мне хацелася даказваць і расказваць усім, які ён хвацкі паэт і геніяльны перакладчык, цяпер мне ўсё роўна, якім ён будзе для кагосьці, мне важна, што ён ёсць у мяне.
Я ўсё яшчэ дзіўлюся, што такое бывае – калі чужыя словы становяцца часткай твайго лёсу. Гэта самае галоўнае, што дала мне мая філалагічныя адукацыя: магчымасць трымацца за слова. Няважна, геніяльнае яно альбо не, выбітное альбо так сабе. Важна, што яно ё.
А яшчэ ён прыгожы)