Галоўная задача мая цяпер – аднавіць унутраную раўнавагу, над чым я сур'ёзна працую:) От зараз, напрыклад, вывучаю радавод унорыцкіх катоў:) Пакуль дарослыя мітусіліся па гаспадарцы, плямяшка склала генеалагічнае дрэва ўсіх наяўных і памятных катоў і кошак, распытаўшы для гэтага і ўнорыцкіх гаспадароў, і наогул усіх мінакоў.
І ведаеце, колькі тут сюжэтаў!
От, напрыклад, пра-Мурка, котка, з якой усё пачалося. Яна з'явілася шчэ пры бабе Марусі, хаця баба нашая катоў не надта любіла. Але Мурку знайшоў яе малодшанькі ўнучак на беразе Дняпра – пэўна, нехта тапіў кацянятак, і адно выбралася з вады. Таму Мурцы было дазволена нават жыць у хаце, чаго з катамі ва Унорыцы звычайна не здараецца.
Шчэ цікава, што радавод складзены па котках, каты-бацькі альбо невядомыя, альбо забытыя. Цяпер на двары стала жыве толькі Барсік, ён адметны тым, што ўвесь час чыліць у поўнай адзіноце на Дняпры. Бывае, проста сядзіць на беразе і ўглядаецца ў неба, бывае, хлёбае ваду, бывае, палюе вужыкаў, а ўвечары вяртаецца да сваякоў. Калі паляванне ўдалае, дык можа і не есці з імі, а проста ляжыць у баку.
Лепей за ўсё гендэрны ракурс расповеду пра ўнорыцкіх катоў адлюстроўваецца праз лёс двух братоў, дзяцей Малышкі, якія не ўнесеныя ў радавод, бо ніхто не памятае іхных імёнаў. Гэта былі два паласатыя каты, якія ў адзін дзень сабраліся – і разам сышлі праз раку невядома куды. Як кажа мая сястрычка, пайшлі ў туман у пошуках белага карабліка летуценняў.
А вось, прыкладам, драматычная гісторыя Бусі, Чорнай Зоркі і Сонейка, трох сястрычак, кожная з якіх памерла маладзенькай: каго сабакі парвалі, каго машына забіла, а хто проста памёр ад нейкай кацінай хваробы.
Наогул усё гэта вартае свайго летапісца. Выйшаў бы неблагі каціны Габрыель Гарсіа Маркес:) І каб галоўных гераінь гэтага эпасу звалі папераменна то Соня, то Лёля, то Соня, то Лёля:))
У асноўным каты і коткі ўнорыцкія жывуць з людзьмі паралельна: харчуюцца з чалавечых рук, ловяць мышэй і упрыгожваюць прастору, а так каб тусавацца з чалавекам – то не.
Але калі год таму ва Ўнорыцу прывезлі апошні раз тату – Лёля прабралася пасярод людзкіх постацяў, села каля вянкоў і кветак – і так праседзела ў кацінай варце каля таты ўвесь паложаны час.