Дзённік настаўніцы. 10-11 кастрычніка

Ганна Севярынец
12.10.2022

І вось сядзіш увечары, і такое адчуванне, што гэта па табе адбамбіліся, унутры пуста, сэрца парвалася, сіл няма аніякіх, а шчэ наверх на гэта сам сабе гаворыш: слухай, як не сорамна табе, сядзіш у хаце, гарбата ё, булка нават ё, зараз пойдзеш спакойненька вячэру прыгатуеш, што ты тут выабражаеш, нібыта гэта па табе адбамбіліся, пасаромейся, цьфу.

І як, чорт вазьмі, жыць і адчуваць сабе шчэ і чалавекам, абсалютна я не разумею. Нешта я разгубілася апошнім часам.

Нешта я была зусім рассуропілася апошнім часам, бо сплялося ўсё ў адно, і бацькава гадавіна, і прысуд АіФу, і гвалтоўнае спыненне працы, і сцісканне ваеннай спружыны, карацей, апошнія некалькі дзён я ў асноўным ляжала на канапе і перажывала. Адпаведна спынілася ўсё: і пісанне, і чытанне, і выкладанне, і хаця б мінімальная дапамога іншым.

А ўвечары думаю: што гэта я. Як бы здалася, ці што. Спаўзла з канапы, зацягнула сябе за валасы за кампутар і адкрыла працоўныя файлы.

І зноў неяк адпусціла, слухайце) Як і заўсёды адпускала.

Як пісаў Кузьма Чорны, "галоўны лекар усіх чалавечых бедаў – час – мае сваім першым  саюзнікам працу".

Мела сёння ўвечары ў анлайне гутарку на трох: я і два падлеткі, адзін – бежанец з Беларусі, другі – бежанец з Украіны. Размаўлялі пра Оруэла, "Скотны двор". Надзвычай харошыя хлопцы. Начытаныя, разумныя, дарослыя такія.

Чо-та хочацца на ручкі.