Садзілася ў смалявіцкую электрычку – і сустрэла свой былы "шосты бэ" са Смалявіцкай гімназіі. Ну як шосты) Ужо, на хвіліначку, дзявяты бэ! Ехалі з матэматычнага турніра, пазналі мяне (я б іх ніколі не пазнала, такіх дарослых!), Ну, троху з імі пасакаталі пра жыццё.
Сярод іншага кажуць: "А мы все подписаны на ваш Фейсбук!"
Ну, я, канешне, ссунула бровы на нос, хмыкнула і сувора адрэагавала:
– Я, між іншым, не дазваляю дзецям падпісвацца на свой фб, гэта толькі пасля выпускнога!
– А мы без разреше-е-ения! – адказаў мне былы шосты бэ, які, канешне ж, ніколькі не змяніўся)
Ну, то калі вы, дарагі шосты бэ, без дазволу чытаеце мой Фэйсбук, дык паведамляю вам і праз яго: я вас моцна люблю і абдымаю) От жа непаслухмяны народ, ну што з вамі зробіш)
…
Насамрэч сустрэча з шостым "бэ" была яшчэ больш эпічная, чым я згадала ў папярэднім пасце. І калі б "Мая школа" яшчэ не была б напісаная, то я б туды ўставіла такую главу.
Дзеці ехалі разам з дырэктарам – тым, які мяне звольніў у 2020. У мяне няма на яго ніякага зла, мы чалавечна развіталіся, але ўвесь тагачасны замес, канешне, не мог пакінуць нас абодвух чужымі людзьмі. Усё ж нашыя лёсы крэпка сышліся ў адной кропцы, дзе мы апынуліся па розныя бакі барыкад.
І вось, значыцца, я стаю ў праходзе электрычкі, направа і налева кручу галавой, размаўляю з дзецьмі, дырэктар сядзіць у глыбіні каля вакна, і тут…
І тут нейкі высокі і плячысты падвыпіўшы мужчына пачынае нейкі бздурычаскі скандал. Пачынаецца на ўсю электрычку вой, крык, размахванне рукамі, бегатня, якая спыняецца роўненька на мне, бо я цёця хаця і невысокая, але шырокая, і электрычаскі праход сабой закрываю надзейна.
– Мужчына, сядзьце! – кажу я яму суровым настаўніцкім голасам.
– Вяяяяяя! - пачынаецца нейкі дурны п'яны віск, цяпер ужо мне ў твар.
Ну, і не такіх усаджвалі. "Мужчына, сядзьце і супакойцеся!" – паўтараю я, падымаючы градус настаўніцтва ў голасе. Але яму недастаткова, ён ажно падпрыгвае, але так каб наўпрост – не кідаецца (дзіцячыя матрыцы – штука непахісная). Але сітуацыя накаляецца.
Тады як раз выбіраецца са свайго дальняга месца дырэктар і ужо мужчынскім настаўніцкім голасам кажа: "Тут дзеці! Я апошні раз паўтараю, каб вы селі і супакоіліся".
Мужык той нешта мяўкнуў – ёсць у некаторых людзей такая смешная звычка пакідаць за сабой апошняе слова, апошні жалобны "вяк", нават калі яны ганебна ўцякаюць, нібыта апошняе слова нешта вырашае – і збег.
Думаю, шостаму "бэ" спадабаўся наш эпічны дуэт:) Барыкады барыкадамі, а настаўнік ёсць настаўнік.
…
Захацелася чамусьці нагадаць у стужцы. У гэтым мульціку, намаляваным маёй дачушкай, ёсць адна неважная для гледача, але дарагая для мяне акалічнасць. Школьны кабінет, у якім распачынаецца і ў якім завяршаецца сюжэт відэа – гэта кабінет, у якім я адпрацавала шэсць год у смалявіцкай гімназіі) Нават сонца там клалася на дошку і сцены такім самым чынам)