Дзённік настаўніцы. 29 – 30 кастрычніка

Ганна Севярынец
31.10.2022

Звычайна некалькі тыдняў перад 29 кастрычніка ўнутры мяне пануе надзвычай дзелавіты настрой, я нават не паспяваю эмацыйна адрэагаваць на дату. Шмат рознага клопату, бо гэта, як кажа АіФ – "мой перыяд".

У гэтым годзе для гэтай тэмы я зрабіла меней за ўсіх даследчыкаў. Адно, што залічваю сабе ў плюс – што мы з двума прыўкраснымі дзяўчынамі (не ведаю, ці можна іх тэгаць) дадалі даволі вялікі корпус тэкстаў Дудара і Таўбіна на Беларускую Палічку. У гэтым годзе з задавальненнем сачыла, наколькі больш разнастайнымі сталі вершы ў стужцы - бачна, што людзі працай нашай карыстаюцца.

Затое вельмі, вельмі шмат зрабілі іншыя даследчыкі, выдаўцы, валанцёры, сцэнарысты, рэжысёры, акторы, Купалаўцы, Вольны хор, чытачы, лектары, арганізатары імпрэз: сёлета 20 краін, 39 гарадоў, так грунтоўна, прыгожа, цёпла, па-сапраўднаму.

У Вільні на Росах аднавілі (па факце – паставілі новы) помнік Францішку Аляхновічу. У Польшчы перавыдалі на паперы і выклалі ў агульны доступ легендарную ўжо кнігу "Не)расстраляныя". З'явілася новая – вельмі пранізлівая – песня на словы Міхася Чарота ад Вольнага хора. У сеціве можна паглядзець спектаклі "За што" і "3722". Вельмі ёмістыя, насычаныя праекты па тэме выйшлі на Медыя IQ, Новым часе і Таўбіне (давала спасылкі).

Шмат хто бядуе, што нічога няма ў Курапатах.

Чулі б вы, як сувора і неадменна яны цяпер маўчаць каля менскай кальцавой. Далібог, гэтае суворае маўчанне вартае тысячы слоў.

Але ў сваім дзелавітым настроі я бачу, што трэба яшчэ тое-сёе зрабіць. Напрыклад, вельмі коле вочы дэталь, якую ўсе аўтары ўводных тэкстаў капіруюць з Вікіпедыі: "былі расстраляныя ва ўнутранай турме НКУС". Ва ўнутранай турме НКУС немагчымыя такія маштабныя расстрэлы. Гэта столькі забі, потым вынясі па прыступках, пагрузі, вывезі... Ёсць вельмі пранізлівая і страшная аповесць якраз пра гэта ў Янкі Брыля, называецца "Муштук і папка" – пра канвеер масавых расстрэлаў на Ўкраіне, і ў тым ліку – як гэта было тэхнічна. То было б вельмі добра, каб нашыя вікіпедыстыя паправілі б гэты радок:) Альбо зусім прыбралі б лакацыю, альбо ўсё ж паставілі выраз "меркавана ў Курапатах". Бо наконт Курапатаў жа – таксама мы дакладна не ведаем.

А шчэ хацела сказаць, што пастоў і каментароў з ПРАВІЛЬНЫМ націскам у прозвішчы Дудар мне трапілася значна болей, чым відэа з націскам няправільным:) І гэта таксама нам усім у залік:)

Сёння, як ужо даўно не – веру ў наш шлях, праўда. І вы верце.

Грунтоўная публікацыя парталу Taubin. Акрамя ёмістых і нечаканых падборак нашых расстраляных паэтаў – дзве шыкоўныя падборкі перакладаў украінскага расстралянага Адраджэння: нарэшце!

https://taubinpoetry.com/publications/zabityja-ale-nie-zbytyja?fbclid=IwAR04oCKp4IfCfOrVEFDB1UBlFg_j1KCEuEG4acD_i-uUcik8jpYChnbo7Rk

І наўздагон. Курапаты – не толькі месца нашай агульнай памяці. Гэта месца даследчыцкіх подзвігаў, чалавечай смеласці, грамадзянскай упартасці. Гэта месца, за якое змагаюцца тысячы людзей.

Абавязкова трэба памятаць і згадаць блізу гэтай даты Зянона Пазняка, дзякуючы якому праўда пра Курапаты стала вядомай кожнаму беларусу, Леаніда Маракова, які ахвяраваў сваё даследчыцкае жыццё раскрыццю і захаванню дакументальнай памяці аб рэпрэсіях, Ірыну Багдановіч і Лідзію Савік, якія ад рукі, без фотакамер і ноутбукаў, перапісвалі ў часова адкрытых архівах пратаколы допытаў і паказанні сведак.

Трэба памятаць, што ўсе гэтыя гады Курапаты абаранялі ад вандалізму самага рознага ўзроўню Павел Севярынец, Дзіма Дашкевіч, Валерыя Чарнаморцава – тыя, хто цяпер за кратамі.

І яшчэ тысячы абаронцаў, даследчыкаў, журналістаў, чытачоў, кім Курапаты – месца памяці і перасцярогі – жывуць.

Нас шмат.