Дзённік настаўніцы. 3 лістапада

Ганна Севярынец
03.11.2022

Страх забівае асобу. Мы перастаём быць людзьмі, калі аддаемся цалкам страху перад абставінамі альбо тымі, хто нам падаецца больш моцным. Маральнае разлажэнне чалавека, які баіцца, не ведае дна.

Таму – не трэба баяцца.

Лёгка сказаць, але цяжка гэта зрабіць. І я б пачынала са словаў, якімі мы называем свае эмоцыі і свае дзеянні.

Не страх –  а асцярожнасць і здаровы сэнс. Зараз не трэба нейкіх неабдуманых учынкаў, гучных, але бессэнсоўных словаў, выскоквання з акопаў пад шквальны агонь. Асцярожнасць і здаровы сэнс не забіваюць – наадварот, пракачваюць патрэбныя скілы.

Не цярпенне – а трыванне. Не трэба цярпець, ідучы на кампрамісы з сумленнем і мараллю, але варта – трываць, захоўваючы сябе і свае каштоўнасці непарушнымі.

Не разгубленасць і роспач –  а час на роздум. Той дзікі досвед, які мы цяпер атрымліваем, стане вакцынай для нашых дзяцей – ад паўтарэння памылак. Мы мусім гэты досвед атрымаць, адрэфлексаваць, сфармуляваць кірунак адаптацыі, праверыць яго на маральнасць і сумленнасць, а хто ўмее – і запісаць гэта, і захаваць на будучыню.

Не адсутнасць гарызонтаў планавання – а змена звычкі адкладаць добрыя справы на іншы час. Іншага часу можа і не быць, таму тыя справы, якія мы можам і павінны рабіць трэба рабіць зараз.

І яшчэ – любоў і клопат. Любіць дзяцей, клапаціцца аб іх і аб сваіх старых, па меры магчымасці – такая мера не бывае маленькай, усё – вялікае – дапамагаць тым, каму зараз асабліва цяжка.

А яшчэ – асэнсаваная справа. Нешта няхай невялікае, але важнае для сябе. Гісторыя сям'і, занатаваная ў слове і архіўным дакуменце. Аднаўленне вясковай сядзібы. Рамонт. Агарод. Вязаныя дыванкі. Дзённік. Альбом малюнкаў. Фатаграфаванне аднаго і таго ж дрэва ў розныя сезоны. Світанкі і заходы сонца. Зорнае неба. Назіранне за птушкамі. Усё, што не вайна і не хлусня – усё мае сэнс і павінна быць.

Стары свет назапасіў столькі хлусні і памылак, столькі няправільных словаў і сэнсаў, столькі подлых практык і столькі гідкіх сацыяльных механізмаў, што ў кожнага з нас ёсць чым заняцца, рэфлексуючы над старым светам унутры нас і непазбежных зменах найперш у сабе.

Я ведаю, што словы "пачні з сябе" выклікаюць шмат у каго ўсмешку альбо раздражненне. Маўляў, мы ўжо пачалі, і што. Па маіх назіраннях, так думаюць толькі тыя, хто насамрэч нічога не пачаў:))

 

 

Ну дык што, лістапад, давай, зноўку з табой падужаемся.

Мне сорак сем, і я ўжо добра ведаю тваю завядзёнку.

Імжа і золь, і брудная скарынка на лужынах,

І цемра, цемра за вокнамі.

Некаторыя навучыліся цябе пазбягаць,

Хавацца на выспах з чыстым белым пясочкам,

Дзе няма ані цябе, ані вайны, ціша ды гладзь,

Ды божая благадаць, і зорныя ночкі.

А я буду тут, лістапад, ты ж мяне пазнаеш.

Давай сюды ўсё, што ты назапасіў на чалавечую згубу.

З першым крокам у цемру — пачынаецца выйсце з яе.

Ты будзеш напоўніцу – але я і пасля цябе тут буду.