Еду ў электрычцы ў касцюме, што называецца, "жэншчыны" – з макіяжам і фрызурай. Касцюм жэншчыны я апранаю надзвычай рэдка, бо не люблю, а ўжо варта мне сесці ў такім парадным выглядзе ў электрычку – абавязкова пачнуць заляцацца пажылыя дзядулі, якіх жонкі адправілі па бульбу на лецішча. Чамусьці гэты кантынгент на мяне вельмі падкі.
Вось і сёння, канешне ж. Я хацела спачатку зрабіць настаўніцкі выгляд і адсесці, але дзядуля пачаў заляцанне з верша Румі (гэта вам не Хайам), то я была заінтрыгаваная і крыху з ім патрындзела.
Унук у яго, кажа, ваенны лётчык, дык мог бы скрасці мяне на верталёце. Два пляменнікі – міліцыянты, то маглі б і на джыпе. А шчэ адзін пляменнік працуе ў турме, дык было б дзе мяне схаваць. Ух, кажу, ну і нашчадкі ў вас, такіх брутальных прафесій, цяжка ім жыць. Ну так, кажа ён, а сам я мастак-дэкаратар. Хочаце, пра Лангфэлла вам раскажу?
Расказаў пра Лангфэлла, пра Асіяна, пра дыпламата Гарчакова, а на Грыбаедаве, дзякуй Богу, яму трэба было выходзіць.
Такім чынам прыемна, канешне, што ў мяне ўсё яшчэ ёсць шанец паслухаць пра Асіяна ў электрычцы, але перспектыва ўсё адно з верталётам, джыпамі і турмой, як не круці. Вось што чалавеку ў касцюме жэншчыны прапануе наш чароўны патрыярхальны свет.
Хутчэй бы ён скончыўся, далібог.
…
Піша ўчора былы вучань: "Анна Константиновна, тут задание было, вставить букву, я не понимаю, что вставлять и какое это правило". І далучае фотаздымачак.
Там напісана: "...мать сучья".
Хм. Хм-хм-хм. Я ажно неяк сумелася. Сукін сын – гэта я ведаю, а мать сучья? Хто яна сукіну сыну, бабуля ці хто? Што гэта за правіла тут такое? Раздзяляльны мяккі знак? А што трэба ўставіць? Здаецца ж, самадастатковае словазлучэнне, мать сучья, што тут дадаць?
Карацей, папрасіла сфоткаць у кантэксце. Аказалася "обл...мать сучья". Усяго-та)
…
Сядзелі з сябровачкай у доме пасярод хваёвага лесу, елі печаную бульбу і часалі языкамі пра ўсё. Прыехала дадому я з гасцінцамі: пару дзясяткаў вешалак для вопраткі і прыгожыя пустыя бутэлькі для смародзінавай настойкі будучага году) Быў шчэ Вася, добры, але глупаваты сабачка, віртуальная вавёрка ў доміку (яна там спіць, і яе не бачна), ну, і снег.
Рашуча не разумею, на чорта людзям сваркі і звадкі, боль і горыч, вайна і ўлада, калі можна проста сядзець і есці печаную бульбу ў хваёвым лесе. Не кажучы нават пра тое, што ўсе мы разам ляцім у тартарары (закрэслена) да зор.
…
А памятаеце, я неяк пісала, што ўспрымаю сваю кнігу пра Чарота і ягоную Савецкую Беларусь як кашулю з крапівы, якую пляла Эльза для братоў? І што як толькі я яе дапляту, тут і прыйдзе вызваленне?
Дык гэта. Тут я падымаю галаву ў чорнае неба і крычу туды:
– Ээээй! Вы там! Сілы нябесныя! Я села за алфавітныя паказальнікі-і-і-і!
Што праўда, паказальнікі я буду рабіць анатаваныя, то бок да кожнага слова ў іх трэба шчэ адшукаць кароткую інфармацыю, справа не аднаго дня, але! І не на гады.
Пляціся, мая кашуля з крапівы, пляціся, дарагая.