Простую, але дакладную думку напаткала ў стужцы – на жаль, не памятаю, хто сфармуляваў. Яна пра тое, што ў кожным грамадстве, канешне, існуюць духоўна неразвітыя і інтэлектуальна бедныя людзі, але не кожнае грамадства дазваляе ім вызначаць парадак дня.
Як не круці, усё ўпіраецца ў адукацыю і выхаванне. Сямейнае найперш (падкрэсліваю – найперш), сістэмнае – таксама.
У Ларысы Геніюш неяк спыталіся: "І што нам рабіць, Ларыса Антонаўна?" Яна адказала: "Выхоўваць дзяцей".
Я б яшчэ дадала – і любіць.
…
Нешта пасля навіны пра Машу Калеснікаву накаціла вельмі цяжкая ноч, сон быў не сон, а калі правальвалася ў нешта кшталту сна, дык бачыліся ўсе дарагія зняволеныя, і Павел, і Дзіма Дашкевіч, і АіФ, і Марфа, і Лосік, і шчэ шмат-шмат, і цесна-цесна ад людзей было ў сне, і ніхто там не плакаў, але ўсе былі такія жалезныя, што чалавек не мусіць быць такім жалезным. Псіхіка насамрэч столькі выцясняе, бо немагчыма ўдзень за ўсіх перажываць, а ўночы выплёсквае.
Заўважыла, што вельмі марудна цягнецца час, як у чарзе да педыятра, калі стаіш там з маленькім дзіцём.
Добры час ляціць, толькі шчоўкае над вухам. А благі – бач ты, паўзе.