Лонгрыд пра тое, чаму я нават у самыя чорныя гадзіны ўсё адно ведаю, што мы паспеем дажыць да святла:)
Насамрэч усе гэтыя два гады, якія доўжыцца відавочнае супрацьстаянне старога патрыярхальнага свету і свету новага – як яго назваць? – я з большага разумею іншы бок.
Напэўна, гады са тры таму я канчаткова ўсвядоміла, што свет навокал будзе катэгарычна змяняцца ў сваіх каштоўнасных сістэмах. Гэта асабліва заўважна, калі працуеш з дзецьмі.
Спачатку – можа быць, сем-восем год таму – стала вельмі заўважна тая бездань, якая падзяліла пакаленні. Здаецца, я тады пісала некалькі артыкулаў для Вельвета пра гэта, і тут былі пасты, пра тое, што перарвалася мематычная сувязь паміж дарослымі і дзецьмі. Дзеці перасталі глядзець тыя самыя мульцікі і тыя самыя фільмы, перасталі чытаць тыя самыя кніжкі, якія мы чыталі ў дзяцінстве, у іх сфармаваўся свой культурны код, цалкам незразумелы для дарослых. Здаецца, гэта ўжо ўсе мусілі заўважыць, таму не буду размусольваць гэтае назіранне.
Потым бездань гэтая распаўсюдзілася не толькі на культурныя коды, але і на каштоўнасныя сістэмы: я заўважыла, як падлеткі проста ўлятаюць у свет глабальны, мульцікультурны, талерантны да іншасці, як лёгка яны яго прымаюць і пачынаюць адстойваць перад дарослымі. "Хлопчыкі, падыміце стульчыкі" - "Ганна Канстанцінаўна, гэта сэксізм", вось гэта вось усё.
Сусвет каштоўнасцяў навокал мяне ў класах змяняўся так імкліва, што я іншы раз заўважала, што не паспяваю за ім. Не трапляю з дзецьмі на агульную хвалю, не магу фармуляваць для іх тэмы сачыненняў, бо думаю так, як яны ўжо не думаюць.
Дома я часта пыталася ў сваіх дачок пра гэта ўсё, і яны мне чыталі шматгадзінныя лекцыі пра сэксізм, фемінізм, вікцімблэймінг, харрасмент, мы моцна спрачаліся, бо, як высветлілася, у мяне ў галаве патрыярхальны свет добра пашураваў і засеў жалезнымі праржавелымі цвікамі.
З большага я прымала іхны погляд на рэчы, бо давер да падлеткаў уваходзіць у маю базавую камплектацыю, але бывалі хвіліны, калі я выходзіла ў раздражненні на балкон, глядзела на смалявіцкія прасторы і думала: не, рабяты, гэты ваш новы свет надта нязвычны для мяне. Я не хачу ў ім жыць.
У такія хвіліны раздражнення мне пачынала прыходзіць у галаву маё савецкае дзяцінства, успаміналіся звыклыя рэакцыі на нейкія падзеі ці словы, і я адчувала ўнутры ўтульнасць і спакой.
Добра, што я не прэзідэнт вялікай краіны і ўвогуле не зусім ужо тупая цётка: было ясна, што гэта звычайная настальгія па тых часах, калі я сама была яшчэ падлеткам.
Адным словам, я добра разумею гэты тупы адчай старога свету, з якім ён цяпер змагаецца за сваё мінулае жыццё, абапіраючыся на роспачную настальгію па тым часе, калі старыя і хворыя людзі былі маладымі.
Але як я не прэзідэнт, а настаўніца, то падлеткі ўсё ж ткі перавыхавалі мяне, бо немагчыма быць сярод іх – і не мяняцца разам з імі. Гэта вельмі цікава назіраць: яны, у адрозненне ад нас, не грузнуць эмацыйна ў праблемах рэпрэсій альбо вайны. Іх так імкліва і неадменна нясе наперад, што ў іх зусім іншыя справы ў галаве. Яны не баяцца думаць глабальна, для іх свет не мае межаў, яны так лёгка вучаць мовы, арыентуюцца ў лічбавай прасторы, з такім здаровым скепсісам глядзяць на аўтарытэты, так смела плануюць фантастычную будучыню, ух, як з імі вольна і лёгка, хаця і прабягае скразняк па сівых скронях:) Яны адкідаюць стары свет з такой нават грэблівасцю, як слізкую скуру мёртвай змяі. Мы іншы раз гаворым пра тое, што цяпер і навокал, але кожны раз я адчуваю, што для іх наша дарослая сучаснасць – музей. Ну так, яны спачуваюць з большага, але – гэтаксама, як спачуваюць героям расповедаў на экскурсіях па старых замках.
Дзякуючы сваім вучням, якія вырастаюць і засвойваюць бязмежны свет, я іншы раз таксама адчуваю сябе жыхаром будучыні. "Ганна Канстаніцнаўна, я паступаю ў школу ў Чыкага, вы можаце даць мне характарыстыку? Там трэба запоўніць іх анкету" – "А божа мой, а свеце мой, я ж не валодаю гэтай мовай" – "Я вам дапамагу!" "Ганна Канстанцінаўна, мне ў міжнароднай школе патрэбны цьютар, можна я вас назаву?" – "О богі мае, я ніколі з такім не сутыкалася!" – "Не бойцеся, я вас навучу!" Аааааа, мамачкі, дайце мне крэйду і дошку, я старая чарапаха Тарціла, я шчэ курсавыя ад рукі пісала, дзеці, пашкадуйце! А сама адчыняеш зум, альбо міт, і пайшло-паехала, віртуальныя дошкі, віртуальныя каманды, віртуальныя пакоі, йу-ху, я шчэ вас навучу гугліць як след, парасяты:)
У тым свеце, дзе я апынаюся дзякуючы дзецям, усё ўжо адбылося. Старое памерла, а новае перамагло.
І не можа быць па-іншаму. Дзеці вельмі хутка растуць. Зусім хутка – літаральна заўтра – камандаваць будуць яны.