Дзённік настаўніцы. 29 снежня

Ганна Севярынец
30.12.2022

Думаю пра самы дзіўны для сябе вынік года. Я болей не выкладаю рускую літаратуру, і выглядае на тое, што больш ніколі і не буду выкладаць.

Я не магу сказаць, каб мяне гэта радавала альбо ўспрымалася б нейкім знакам. Я не прыхільніца кансэлінгаў, я люблю і добра ведаю гэтую літаратуру, ведаю і яе хібы, і яе заганы, і яе вышыні, і ў мяне атрымлівалася, я думаю, хібы тлумачыць, а вышыні – карыстаць на агульную чалавечую карысць. Я была не самай благой выкладчыцай рускай літаратуры ў Беларусі:)

Але як ёсць: рускую літаратуру мне няма дзе і няма каму цяпер выкладаць, бо з сістэмы адукацыі мяне цяпер ужо канчаткова выплюнулі:) А па-за сістэмай, нават калі б я і хацела, то –  попыту няма:) То бок гэта не я сама, а яно само:)

Хто б мог падумаць, што такі статус кво будзе не маім гучным жэстам, а ўмовамі часу, у якім мы жывем:)

 

Охо-хо:) А працы ў настаўніцы будзь якой літаратуры не меншае, а большае:)

Дарэчы, я ўжо даўно першымі пытаннямі да дзяцей стаўлю не нейкія там праблемныя пытанні, а тупа пытанні на разуменне. Як вы зразумелі тое, што прачыталі. І гэта не тычыцца тэкстаў сімвалічных альбо вобразных, проста ў фабуле –  дзеці, аказваецца, могуць проста не зразумець, хто да каго звярнуўся ў дыялогу:) Зіма ці лета на двары:) Два чалавекі альбо тры ў кадры:) і гэтак далей:)

Каментары да папярэдняга паста здзівілі мяне чарговы раз (у прынцыпе, каментары заўсёды дзівяць). Чамусьці хтосьці вырашыў, што пост сумны, альбо драматычны, альбо гэта такая скарга. Хаця я панаставіла там смайлікаў - ну каб ужо зусім не было розначытанняў.

Не дапамагае!

Рыбяты:) З большага ў тэксце заўсёды ўсё напісана тымі словамі, якімі варта і чытаць:) А што не напісана –  тое не напісана:)

Не, без працы я не застануся, гэта дакладна:)