Навагодняе меню ў нас заўсёды адно і тое ж. Яно сфармавалася шчэ ў тыя гады, калі мы жылі вельмі-вельмі сціпла, нават, я б сказала, бедна:) З двума дачушкамі ў інтэрнаце, на вельмі невысокіх заробках, з дарэмнымі, як тады падавалася, марамі пра ўласны кут.
Колькі разоў я потым спрабавала перамяніць гэтую нішчымную навагоднюю звычку! Чаго толькі не прапаноўвала, набывала, гатавала, гартала кулінарныя кнігі і ютубы, заклікала не саромецца і замаўляць што заўгодна! Не. Усю новапрыдуманую смакату потым выкідаеш праз два дні, а традыцыйныя старасвецкія сямейныя блюды з'ядаюцца адразу ж.
Вось і сёлета. Нас трое, я муж і сын. Падавалася б, што заўгодна можна нагатаваць і няшмат грошай зглуміць. Але мужчыны сурова запатрабавалі не балавацца і рабіць усё як след. Мяса па-французскі, аліўе і салат з капусты і крабавых палачак. Як заўсёды, спакон веку.
Ну ок. Адбіваю з раніцы мяса і думаю тужліва: эх! Чаму ж яшчэ не вынайшлі такога спосаба, каб можна было тэлепартаваць прыгатаванае ў іншую краіну! Каб і дзяўчатам на стол трапіла сямейнае.
Пакуль я тужыла над мясам, дзяўчаты папрасыналіся ў сваім замежжы і пішуць: мама! а мы ўжо гатуем!
Што гатуеце, пытаюся. А яны адказваюць: мяса па-французскі, аліўе і салат з крабавымі палачкамі!
Так што жаданне маё імгненна споўнілася:) Будзем зусім разам:)
І я жадаю вам усім, дарагія мае людзі ў стужцы, каб нашыя запаветныя жаданні раптам збыліся от гэтак жа проста, раз – і ўсё. Любові, падтрымкі, кахання ніхто ў нас не адбярэ. А гэта ж і ёсць жыццё.
…
Хацела яшчэ расказаць – у жанры тоста.
Шукала ўчора Іллі падарунак – а ў яго з большага ўсё ёсць, і ліста Дзеду Марозу ён у гэтым годзе нешта не напісаў – і трапіла ў краму з рознай хлапечай фігнёй кшталту мадэлек розных монстраў, бліскучых картак з пачварыкамі, кніжак пра Майнкрафт ну і ўсякага такога, што даросламу чалавеку майго веку ніколі не зразумець. Але сярод іншага там былі фінгерборды, Ілля некалі іх хацеў, дык стала і я працісківацца паміж рознымі хлопчыкамі школьнага ўзросту да прадаўца.
А там, аказваецца, прыехалі нейкія асаблівыя фінгерборды ў нейкіх асаблівых боксах. Глянула я краем вока, які ажыятаж сярод хлопчыкаў выклікала менавіта гэтая мадэль, самая дарагая, канешне ж, ну, і набыла. А што мне, я цёця, я магу.
А побач стаяў хлопчык, гадкоў, можа дзевяць. Такі прыгожы! Стромкі, чорнавалосы, вейкі чорныя агромністыя, вочы ззяюць як зоры, стаіць і ажно падскоквае ля гэтых фінгербордаў, і знутры яго рве шчасце як бы ў натхнёны палёт.
А прадаўцы яго нібыта ведаюць. Прынамсі, ён даверліва звяртаецца да аднаго з іх:
- Я так чакаў гэтую мадэль! - і ажно свеціцца сам, ажно палыхае.
Прадавец ківае яму галавой і пытаецца:
- Ну, дык даставаць?
- Не! – весела і натхнёна крычыць хлопчык, і вочы ззяюць шчэ ярчэй, і ў іх такое каханне да фінгербордаў, што ажно паветра патрэсквае. - Я ўсе грошы патраціў!
Чорт, мне стала так няёмка! Адчула сябе нейкім зажратым буржуінам з савецкіх казак. Нават стала пралічваць у галаве, як гэта будзе з педагагічнага пункту гледжання, калі я і яму набуду той фінгерборд таксама.
А хлопчык матнуў галавой упэўнена, такім харошым жэстам, ух, як я яго люблю, гэты рашучы жэст, але рэдка бачу, і крыкнуў:
- Але я накаплю!
І пабег, без зайздрасці і крыўды, без гора і роспачы, упэўнены ў тым, што абавязкова дасягне свайго і здабудзе сваю мару.
Дык я жадаю нам усім ягонага натхнення і веры ў нашых дарослых жаданнях.