Дзённік настаўніцы. 7 студзеня

Ганна Севярынец
07.01.2023

Вельмі-вельмі важны пост! І для беларусаў замежжа, і для нас усіх. Пост-падручнік. Не апускайма рук, карацей)

 

Яўген Барышнікаў:

Культурнага актывізму даўгі і нудны пост. Мне часам сацсеткі нагадваюць, што танцы, а ў прыватнасьці вечарыны нефармальнай тусоўкі дудароў пад назвай Дударскі клуб, я арганізоўваў у Менску гадоў ажно наццаць таму (ааа!! як час ляціць!!!). Падхапіўшы справу за папярэднікам, які заманаўся яе рабіць за некалькі гадоў. І так атрымалася, што як мінімум з 2010 я ўжо не проста граў, а менавіта арганізоўваў вечарынкі. Дамаўляўся пра памяшканні, запрашаў выступоўцаў, рабіў афішы, сустрэчы ў сацсетках, запрашэнні рассылаў. Пры тым гэта былі не разавыя, а рэгулярныя імпрэзы, штотыдня(!) ці, у некаторых сезонах, праз тыдзень... І асноўная мэта была — даць пляцоўку для ўзаемаабмену, расціць "кадры", пашыраць танцавальна-дудовую заразу. А праз гэта — і захапленне сваёй культурай, упэўненасць, угрунтаванасць — тое, што сам праз яе некалі займеў.

Мяняліся клубы, пакаленні аўдыторыі, фарматы і ўмовы. Да танцаў дадаваліся нейкія пабочныя актыўнасці тыпу візіта на вечарыну калядоўшчыкаў, валачобнікаў ці прагляду этнаграфічных дакументалак. Музыкі і гурты зьяўляліся і знікалі. Многія з цяперашніх дудароў ўпершыню там выходзілі на сцэну. Ці агулам, ці прынамсі на сцэну менскую. Так, напрыклад, першы менскі канцэрт легендарных цяпер Irdorath Fantasy-Folk Band быў акурат у рамках Дудклуба ў далёкім 2011. Гульню "Жаніцьба Цярэшкі" ў Менску мы з СЭТ рабілі ўпершыню ў 2015, у закрытым сёння "Графіці", а пасля некалькі разоў на Дудклубе.

Гадоў мо 5-6 таму я заманаўся і перадаў справу. Бо ўжо было каму, вырасла, як пісаў Язэп Драздовіч, "новае пакаленне народу на пакрасу жыцця". І перастаў нават граць на танцах, бо зноў жа, было каму і без мяне. Класна, можна заняцца нечым іншым карысным. Прыкладна тады, дарэчы, зьявілася Этнаўсё - медыятэка па этнаграфіі. А танцавальная зараза між тым расла, шырылася на іншыя гарады. І нават цяпер у Беларусі працягвае існаваць і збірацца ў тэрапеўтычных мэтах. І хто ўсе гэтыя людзі я ўжо даўно нават і ня ведаю. І гэта, далібог, здорава!

А вось у дыяспарах сітуацыя іншая. Няма асбаліва каму граць. Няма сфарміраваных танцавальных тусовак. Усё трэба расціць наноў. Але нават у такіх умовах паціху разварушваюцца Варшава, Вроцлаў, Вільня, іншыя гарады, збіраюцца ў малекулы раскіданыя ядзерным выбухам людзкія атамы.

Некалькі тыдняў таму мы пачалі Беларускія танцы ў Гданьску. Штотыднёвыя, па аўторках. Хочам зрабіць Трыгарад — так старая дыяспара тут здаўна называе Труймяста — танцавальнай сталіцай беларусаў Польшчы. І зробім. Адгадайце, што будзе на бліжэйшай вечарыне? Правільна, Танцы і жаніцьба Цярэшкі 

І вось маю дзіўнае адчуваньне, што ўсё заспіралілася. Робіш быццам дакладна тое самае, што і калісьці. Але на новым вітку. Так, зноў з нуля, з пустога месца. Бо людзей раскідала, не сабраць. Але ёсьць новыя людзі, абсалютна незнаёмыя з самымі простымі для цябе рэчамі. І хто іх ведае, мо яны міма тых танцаў ў Мінску праходзілі і нос варацілі. А тут чамусьці далучаюцца. І калі ў выгадаванай пакаленнямі арганізатараў і музыкаў тусоўках у Менску, Маладэчне, Гародні, Барысаве нічога і тлумачыць ня трэба, то тут пачуваешся місіянерам у цнатлівым лесе. Перафразуючы дзіцячую показку, "Дуб, арэх, ці Białoruskie Towarzystwo Kulturalne "Chatka"? Пачынаем ўсё спачатку!" 

Але вялікая розніца палягае ў тым, што калі наццаць год таму партфоліа місіянера было наіўна-пустое і мы ўсе тыркаліся як сляпыя кацяняткі, то цяпер ты гэтую супольнасьць будуеш асэнсавана, з досьведам. І вось гэта па-свойму нова і таму цікава. Падобныя кайфулі, дарэчы, ў мяне здараліся яшчэ ў Львове ад грання з мясцовай танцавальнай суполкай ДРИҐ, якая ўтварылася год-два як і проста на вачох праходзіла тыя ж этапы, што былі і ў нас наццаць гадоў таму. Але ў Львове было хутчэй замілаванае сузіранне. А тут, прошэ пана, зноў практыка. Ці атрымаецца на гэты раз? Што можна палепшыць? Чаго пазбегнуць? Ці можна гэты досьвед мультыплікаваць-памножыць? Ці можна з гэтага зрабіць мануал для іншых гарадоў? Такі сабе азарт эксперыментатара, рэкамендую 

Але навошта я гэта ўсё распавядаю на ўвесь непадзамочны ФБ? Мусіць жа быць мараль басні. Ага, вось яна.

Я перакананы, што калі воляю лёсу ты апынуўшыся ці не адзіным беларусам з нейкімі беларускімі ведамі і досьведам на цэлы чужы горад, то курвамаць, маеш не права, а проста абавязак зладзіць там нейкі варушняк і гэтым досведам падзяліцца! Хоць ты танцуеш, граеш, калыханкі пяеш, павукоў пляцеш, самаходскае піва варыш ці проста беларускамоўны йог-вагняжэр. Фігач, дзяліся! Асабліва калі ў той жа горад закінула многа іншых беларусаў. Бо і ты ня вечны, і скончыцца гэта ўсё невядома калі, а культурка сама сябе не пракультывуе. Рабі што можаш тут і цяпер і будзь што будзе.

Чаму? А ўсё проста. Бо калі ня ты, то тут дакладна больш няма каму.