Дзённік настаўніцы. 18 студзеня

Ганна Севярынец
18.01.2023

Сёння дзень музейнага сэлфі, а ў мяне якраз ёсць адно з гісторыяй. 

Калі ўжо я зрабіла "Выбраныя творы" Купалы, Аляксандру Іосіфавічу Фядуце прыйшла ў галаву светлая думка для вокладкі: каб я пайшла у Купалаўскі музей і сфоткалася там з Купалам. Менавіта на тэлефон, менавіта сэлфі. 

Фядуту аслухацца было нельга, і я пайшла. Папрасілася там у дзяўчат у залю. І давай фатаграфавацца. Але Іван Дамінікавіч там стаіць высока, а я  кароткая. Я і падскоквала, і, зняўшы боты, лезла на крэсла, і забягала з тылу, і запаўзала з флангаў, і так і гэтак выконвала заданне  а потым усё гэтае багацце вываліла ў пошту дарагому заказчыку. 

АіФ чалавек не тое каб надта тактоўны, калі справа тычыцца кніжак. Але тут ён нічога нават не каментаваў. Сказаў толькі: мда, паненка. 

А болей нічога не сказаў, але сэлфі мае на вокладку не ўзяў. Ды і Купала не тое каб ухваляў, мяркуючы па фота:)

Усё гэта было ў мінулым-мінулым жыцці.