Неяк у каментарах зайшла невялікая размова, ці дапамагаюць дзеці перажываць гэты час, альбо, наадварот, абцяжарваюць, дадаюць трывогі.
Вось вам карцінка ў тэму.
Прыехала я сёння дадому позна, муж на працы, Ілля ўвесь дзень быў сам сабе гаспадар. Што рабіў? Канешне, сядзеў у кампутары, а канкрэтна – вывучаў, як працуе праграма па стварэнні рэп-бітоў. Клянуся, я ні сном, ні духам да гэтага ягонага занятку: сам праграму знайшоў, сам глядзеў урокі на ютубе, сам нешта калупаўся, а сёння нарэшце зрабіў поўнавартасны біт.
Цярпліва дачакаўся, пакуль я аддыхаюся, паем і наогул прыду ў сябе, і пачаў мне хваліцца. Біт выйшаў – агонь! Я ўзрадавалася, схапіла Купалаў "Курган" (майце на ўвазе, ён лёгка кладзецца на любы біт), давай чытаць і так, і гэтак. Ілля таксама ўзрадаваўся, давай мне парады даваць: дзе паўза, дзе тэкст.
А потым і кажа мне такім дарослым тонам:
– Я цяпер хутка сапраўдным бітмэйкерам стану. Будзеш чытаць рэп сколькі захочаш!
Пусціла скупую рэперскую слязу:) То сведчу: дзеці дапамагаюць.
…
Ілля ўзяў моду рабіць урокі з раніцы: падымаецца сам а шостай, пакуль дарослыя шчэ дасынаюць, і капошыцца ў сваім пакоі з падручнікамі і сшыткамі.
Сёння прачынаюся ад таго, што нехта ціхенька, але ўпарта наразае кругі па пакоі. Нешта буйнейшы за катоў. Адкрываю адно вока – Ілля з кніжкай.
– Мама, шэпча са злым свістам, – мне трэба з аграмаднага верша выпісаць параўнанні!
– Ну давай, чытай, а я буду падказваць, – мармычу з-пад коўдры.
Ён пачынае бубнець: бу-бу, бу-бу, бу-бу-бу-бу-бу....
– Іллюха, чытай выразна, а то я ж не чую анічога!
– Не магу я па-беларуску выразна чытаць! – Іллюха ўжо злуецца і амаль плача. І працягвае: бу-бу, бу-бу, бу-бу-бу-бу-бу....
Я, канешне, рытм ужо схапіла і разумею, што за верш, але слоў не чую і думаю: ну як сабе хочаш, парасёнак, не будзе тады ніякіх параўнанняў.
І тут пасярод бубнення пачынаюць вымалёўваецца нейкія словы. Потым сказы. Потым дадаецца эмоцыя. А вось ужо Ілля пахіхіківае сабе пад нос.
– З вакна, як з зяўры, дзьме бясконца... Мама, ведаеш, што такое зяўра? Гэта пашча! У нашых катоў зяўра! – і хіхікае.
Далей чытанне ідзе гладзенька: захапіўся аповедам. Толькі і паспяваю вышчыкваць параўнанні. От, думаю, класіка, чарговы раз чарговага скептыка – на лапаткі)
Хто ўжо здагадаўся, які паэт перамог Іллюху?)
…
– Мама, – кажа мне Люба. – Я прыгледзела сабе шыкоўную установу, дзе хацела б вучыцца! І нават дзве! Інстытут вывучэння мора ў Гдыні і Інстытут горных ведаў! Гэта так крута! Але я, напэўна, туды не пайду, бо горная і марская адукацыя – дзве самыя бессэнсоўныя рэчы для Беларусі!
Чалавеку сёння дзевятнаццаць) Увесь свет перад ёй)