Дзённік настаўніцы. 21-24 студзеня

Ганна Севярынец
25.01.2023

Нейкі такі сум апанаваў увечары, цягучы, празрысты і халодны.

Ад таго, што вельмі шмат на свеце добрых, але непрыкаяных людзей, ад таго, што на кожнага такога добрага чалавека знойдзецца свой злыдзень, ад таго, што нічога немагчыма з гэтым зрабіць, акрамя як толькі далучыцца да гэтага ціхага адвечнага марша непрыкаяных людзей, такога ж неадменнага і такога ж гераічна бясконцага,  як і тыя, што нам добра вядомыя.

Абдымаю вас, добрыя людзі.

Некалькі дзён запар у мяне быў вельмі бадзёры настрой, а цяпер за гэта абавязкова бывае расплата ў выглядзе шматдзённага суму, бо арганізм не дае столькі бадзёрыцца беспакарана, але за тыя некалькі дзён добрага настрою я паспела заўважыць, колькі ж важнага, добрага, патрэбнага і неабходнага за апошнія два гады зрабілі добрыя людзі ў беларускім сеціве. Колькі з'явілася маленькіх і вялікіх праектаў, каналаў, падкастаў, відэа, пляцовак, мульцікаў, адукацыйных і забаўляльных перспектыўных пачаткаў, а вядома ж, як яны цяпер робяцца: праз не магу і не выважу, праз тугу і роспач, праз неразуменне і свары. Як маленькія рыбкі, якія ствараюць вакол сябе свой маленькі сусвет, добрыя людзі нешта робяць і робяць, выразаюць і малююць, здымаюць і спяваюць.

Вельмі люблю беларусаў за гэтае ўменне ціха і няспынна ствараць маленькія сусветы пасярод чумы.

Хаця, канешне, лепей бы не мець нагодаў для такога ўмення.

Мой родны кут,

Куды я забілася пасярод болі й пакут,

І дзе можна яшчэ пастарацца прыняць такую паставу,

Каб крыху меней балела зверху, знізу, злева і справа,

І таму ў ім нельга глыбока дыхаць, вытыркацца й вярцецца,

Бо адразу пачынае ціснуць у пячонках і ў сэрцы,

Мой родны кут, дзе з паліц паглядаюць героі,

Не-героі, забітыя, забытыя, святыя і воі,

І елка, канешне, у пары з хваіною,

Дзе кожнага дня агульную праўду нема крычыць Кастусь

(От ужо дзе ўдалая рыфма да слова “Беларусь”,

Бо класіка прапануе для Беларусі

“гусі”, “вярнуся” альбо “не вярнуся”,

А жыццё прапануе “упруся”, “упрагуся”, “у прымусе”),

Мой родны кут, небагаты, стакроць распяты,

Пакладзены мне лёсам пад пяты,

Кут, які забываюць у спічах згадаць прамоўцы,

А тутэйшыя не забываюць нават у цеснай дамоўцы,

Бо забыць цябе, як той казаў, проста не маюць сілы,

Бо сілы сышлі значна раней, чым ты сам дапоўз да магілы,

Ну і хай сабе, хіба не жылі мы бяз сілаў,

Дзяцей падымалі, гарады адбудоўвалі, балаты гацілі,

І ўсё без сілаў, без сілаў, на адной толькі мары аб волі,

Пакуль усе навокал крычалі: ды хто вы такія, даволі вам ужо, даволі.

А мы ўсё шавелімся, як той партызан у пятлі,

Не каля наля ўжо, а тупа на нулі. 

О такія ў нас справы, мой родны кут.

Але ты ўсё адно ня бойся. Мы тут.