Дзённік настаўніцы. 5 лютага

Ганна Севярынец
05.02.2023

Здаецца, я канчаткова аформілася ў хобіта) Нічога чужога не хачу, ані чуць, ані бачыць, і каб паўсюль, і знізу, і зверху, і з усіх бакоў было толькі сваё) І калі і цікавіцца чужым – выключна для таго, каб лепей разумець сваё. Усведамляю інтэлектуальную тупіковасць такога стану, але збіраюся ў ім пабыць, надта ж там добра)

Хадзіла сёння па выставе Шкарубы, як па Унорыцы, як па палях вакол дачы, як па Вязынцы, карацей, як дома, а потым павярнула ў суседні зал – а там какошнікі, Шышкін і Паленаў. Тут ува мне нешта шчоўкнула, і я ўсвядоміла, што я хобіт)

Як сказала сёння Ірына Дубянецкая, чым глыбей мы капаем, напрыклад, Англію, тым хутчэй дакопваемся да Беларусі)

 

На лекцыі па этнафіласофіі ў Мастацкім музеі людзей столькі, што сядзяць на крэслах, стаяць ля сцен, мосцяцца на нейкіх падушачках і проста на падлозе.

А ў самім музеі – выстава Валера Шкарубы. Найлепшы.