Як не імкніся нічога не чакаць, а жыць тут і цяпер, сыходзячы з абставін – усё адно чакаеш, і чаканне гэтае не такое рамантычнае, як яшчэ год таму, а вельмі тужлівае і нуднае, такое прыкладна, як у дзяцінстве, калі забудзешся на ключ ад кватэры.
Бяжыш такі са школы дадому, маеш ужо планы на абед і прыемную адзіноту, пакуль няма дарослых, а брат з сястрой на другой змене, і ў цябе такая невымоўна цудоўная перспектыва чалавека з вялікай сям'і – пару гадзін сам насам дома. Дабягаеш да дзвярэй, тыц – а ключа і няма. Ляпаеш па дыванку – раптам хто пакінуў ключык старым спосабам! – а не! Кожнаму выдалі шнурочак, на шнурочку ключык, ніякіх дыванкоў!
І пачынаеццца. Спачатку ў роспачы трошку сядзіш на скрыні з бульбай – ставілі такія раней на агульнай пляцоўцы. Потым туды-сюды паходзіш каля ліфта. На вуліцы непрыемна, таму яшчэ крыху сядзіш на скрыні з бульбай. Потым ідзеш на вуліцу зрабіць пяць-шэсць колаў вакол дома. Вяртаешся зноў пасядзець на скрыні. Пагартаеш падручнікі. Збегаеш назад у школу ў прыбіральню. Вернешся. Зноў пасядзіш на скрыні. Яшчэ раз выйдзеш у двор, пасланяешся там каля горкі і турнікоў, наматаеш кола да крамы і назад. Грошай, канешне, няма, а то б можна было і павесяліцца трошкі, набыўшы які коржык за сем капеек, але ў каго няма ключыка, у таго звычайна і грошай няма таксама, яно абавязкова супадае. Пойдзеш паглядзець, ці няма пошты (ёсць, і можна было б выцягнуць газету і хвілін дваццаць заняць чытаннем, але гэтым разам яе так нязручна паклалі, што не дастаецца ані пальцам, ані алоўкам, ані трэсачкай, між тым дваццаць хвілін зглуміш, калупаючыся). Падымешся на восьмы этаж пешкі, каб разнастаіць свой быт. Пасядзіш на скрыні. Падлічыш колькасць плітак да ліфта, падымешся на тэхнічны этаж, пастаіш там патупіш у сцяну. Дастанеш зноў чытануць падручнік, але тут жа пакладзеш назад, бо насамрэч прачытаў яго яшчэ ўлетку і на ўроках па сто разоў, таму – бесіць. У рэшце рэшт садзішся на прыступку каля ліфта, каб адразу пабачыць маму, і сядзіш без думак і жаданняў, проста як камень. Потым перапаўзеш на скрыню, бо перад ліфтам сядзець страшнавата, там увесь час прыязджаюць ня тыя.
А яшчэ ж суседка выглядае! "Аня! Дык ідзі пасядзі ў мяне!" - і ажно пад каленкамі заные, што зараз яна возьме і зацягне цябе ў чужую хату, і будзеш там наогул сядзець як дура, на канапе з прамой спінай, баючыся нават адкінуцца назад, бо ў чужых хатах нападае на цябе поўны ступар. Тут, на пляцоўцы, хоць можна туды-сюды паблукаць, хаця б нейкае адчуванне свабоды. "Не, цёця Тоня, хутка мама прыйдзе".
А мама прыйдзе няхутка, у прыцемках, знойдзе на бульбяной скрыні скамянелую скульптуру – і шчэ і падваліць пад хвост за тое, што ключык на шнурочку не ўзяла!