…
Іншы раз правяраю сябе: ці хацела б я вярнуцца назад, у год, прыкладам, 2019? Пачынаю спецыяльна труціць сябе ўспамінамі, калі маю сілы, магу і фоты паглядзець. І кожны раз адказваю сабе: не, бо тады ўсё гэта было б толькі наперадзе.
Ідучы праз пекла, не спыняймася, як гэта сфармулявалі дасведчаныя людзі.
…
Падумалася, што знішчыць памяць горада фактычна немагчыма: праз стагоддзі застаюцца абрысы вуліц, падмуркі, нават атмасфера колішняй вёскі ці прадмесця. От, прыкладам, пераход метро Інстытут Культуры: як толькі дождж, снег ці проста вільгаць, са столі, з прыступак, са шчылін у абліцоўцы пачынае бегчы аднекуль вада, і вось ужо стаіць пад нагамі колішняе Францішканскае балота. Ці закутая ў калектар Няміга, якая ў кожную залеву акуратна выходзіць з былых берагоў.
…
Цяпер часта бывае, калі трэба сустрэцца па справах у горадзе з чалавекам, якога не ведаеш асабіста, і профіль, прыкладам, без фота. Я ў такіх выпадках заўсёды шукаю чалавека з самым харошым тварам і разумнымі вачыма.
Ніколі не памыляюся.
Слухайце, такі канал прыўкрасны чытаю ў тг) Мяркуючы па ўсім, робіць моладзь, бо адчуваю гэтую энергетыку ўчорашніх падлеткаў: нетаксічную, ахайную і распаволеную)) І нейкіх грунтоўных гістарычных артыкулаў там, і памятных тэкстаў, а шчэ моцна кранае мяне там кожны вечар медытацыя, а кожную раніцу – пячэнька на шчасце) Не экстрэмісты) Падпісвайся, стужка)