Дарагія, давайце ўдыхнем-выдыхнем, шчэ троху падыхаем глыбока і працягнем ісці цераз пекла і не абарочвацца. А то тыя, хто нас пужае, такі дасягнуць сваіх мэтаў.
Вось я кніжкі сёння набыла. Шыкоўныя выданні! Наталля Вішнеўская: вершы, эпісталярый, Зіна Бандарына, вершы. Гэта нашыя міжваенныя паэткі, кожная – са сваім выразным голасам і пакручастым лёсам, і галасы, і лёсы скрупулёзна адноўлены выдатнымі даследчыкамі Віктарам Жыбулем і Аксанай Данільчык. Чыстае задавальненне, правяла з імі вечар і яшчэ не адзін правяду. Ёсць з імі ў звязцы яшчэ трэцяя кніжка, Яўгеніі Пфляўмбаўм, я дала маху і не замовіла яе, бо маю стары зборнік, але бачу, што трэба набываць і новы. Найлепшыя з апошніх рэтраспектыўных выданняў.
У зборніку Вішнеўскай, сярод яе лістоў, якія раней я чытала ў архівах, знайшла адзін мне незнаёмы. Там Вішнеўская двума радкамі згадвае Дудара, першага свайго мужа: "Страшэнна працавіты, спакойны, удумчывы. Меў добрую бібліятэку, днямі сядзеў з кнігамі".
Цяпер думаю: ці не перабрала я ў "Бельгіі", зрабіўшы Дудара не вельмі працавітым, не тое каб спакойным і не надта ўдумчывым?
Набыць можна ў ГЦ Купалаўскім, месца 41, а таксама ў інтэрнэт-кнігарнях.
…
Нарэшце снег гарыць на чорным полі
І п’е усмак размоклая ралля,
І з кожнае адтуліны й расколіны
Бяжыць цурком дзіцятка ручая,
І ў небе клінам шумнае вяртанне,
І радасны гармідар у бары,
І дрэвы, натаміўшыся ў чаканні,
Ўжо чырванеюць веццем на вятры,
Вясна ідзе, і ёй ўсё роўна, дзе мы,
Дзе нас заспее ясны надыход,
Ці мы вадой нап’емся ў падзем’і,
Ці ў сонейка дапросімся даброт,
І я бяру, і п’ю вясну з прыгоршчы,
Палову пакідаючы журбе,
Бо ў гэты дзень, прыгожы і харошы,
Яшчэ мацней сумую па табе.