Цяпер я вельмі рэдка выязджаю са Смалявічаў, болей за тое – фактычна не пакідаю свой раён, як тут называецца "завод". Каб мець хаця б якую фізічную нагрузку, кожны дзень блукаю тут, то адна, а то з мужам, па гэтай даволі абмежаванай прасторы: новыя, на маіх ужо вачах пабудаваныя дамы, прыватны сектар, фабрычныя будынкі, ваколіцы, блізкія вёскі. Калі б у мяне быў хаця б мінімальны душэўны рэсурс, можа быць, занялася б і гісторыяй, нешта пакапала б пра гэты горад, які ўсё ніяк не атрымліваецца ў мяне напоўніцу палюбіць. А можа, яшчэ палюблю – і займуся, бог ведае, сэрцу не загадаеш.
І ёсць тут у нас на раёне адзін дом стары, даваенны, з чырвонай цэглы. Два пад'езды, драўляныя прыступкі і пляцоўкі паверхаў, такі даволі стандартны цагляны гарадскі дом, я бачыла такія і ў Барані пад Воршай, і ў Мар'інай Горцы, і ў Бабруйску, і ў Глыбокім, ды паўсюд.
У перадапошнюю вайну ў гэтым доме, кажуць, было гестапа. Што яно тут рабіла – не ведаю, наш раён – моцна наводшыбе, да ўласна горада – хвілін сорак пешшу. Мо, якое спецыяльнае гестапа, менавіта для тутэйшых патрэбаў.
То бок жылі там да вайны нейкія людзі, думаю, першыя завадчане, потым немцы іх павыкідалі, занялі камяніцу пад свае справы, а як іх пагналі – людзі вярнуліся і жывуць. Балконаў там няма, таму бялізна вісіць альбо на двары на вяроўках, альбо проста з вакон. Па двары ходзяць тлустыя дагледжаныя коцікі. Каля пад'ездаў расце шмат чорнай смародзіны – калі я забываюся на дачы нарваць сабе ў закаткі смародзінавага лісця, то іду туды пашчыпаць крыху чужых кустоў. Тут, дарэчы, і хрэн таксама лёгка знайсці – там, дзе знеслі старыя баракі і цяпер пуста, пад старымі яблынямі і слівамі хрэна гэтага – заваліся.
Вось гэтае дзіўнае скрыжаванне каардынат – непахіснай прасторы і імклівага часу – моцна мяне хвалюе паўсюд, дзе я яго бачу. На любых могілках, напрыклад. На вуліцы Фабрыцыуса ў Менску. Каля фантана "Хлопчык і лебедзь" у скверы за Купалаўскім. Ёсць такія месцы, дзе прастора і час у сваіх характарыстыках выяўляюцца асабліва моцна.
Я ўсё хаджу паўз гэты стары чырвоны дом і думаю: было гестапа – і сплыло. А смародзіна расце. І хрэн. І бялізна сушыцца. І коцікі ходзяць. Час бяжыць нават тады, калі падаецца, што ён спыніўся. А прастора застаецца нават тады, калі падаецца, што яна ляціць у тартарары.