Дзённік настаўніцы. 4 красавіка

Ганна Севярынец
05.04.2023

От чаго я шкадую ў сваім цяперашнім адлучэнні ад школьнага настаўніцтва – што не магу проста цяпер і зараз уступіць у канструктыўнае ўзаемадзеянне якога-небудзь харошага школьнага класа з нейрасеткамі.

Божа, колькі ў мяне афігенскіх ідэй! І аўтарскія батлы фанфікаў: людзі супраць нейрасетак, і конкурс сачыненняў, сгенераваных нейрасеткамі (выйграе той, хто дасць сетцы найлепшы загад), і стылізацыя тэкстаў пад гістарычныя перыяды, і распрацоўка складаных заданняў для нейрасеткі і потым – тэставанне і аналіз,  і карцінкі, і мульцікі, і афішы, і рэфераты, складзеныя нейрасеткамі па нейкіх вялікіх і складаных, але важных навуковых тэкстах, от мы б нагрузілі гэтыя нейрасеткі так, каб дым у іх з вушэй пайшоў!

І адразу дзве-тры навуковыя работы на канферэнцыю, нават тэмы прыблізна ведаю: "Беларуская мова ў нейрасетках: кірункі ўдасканалення", "Беларуская гісторыя ва ўспрыняцці нейрасетак: пра што трэба ведаць, карыстаючыся ChatGPT пры падрыхтоўцы дакладаў",  "Уплыў карыстальніка на дзейнасць нейрасетак" – а? Ну крута ж!

Замест гэтага чую направа і налева, як настаўнікі беспаспяхова змагаюцца з нейрасеткамі. Сёння правяла невялічкую апытанку сярод даступных мне падлеткаў: хто з вас выкарыстоўвае нейрасеткі пры выкананні дамашніх і кантрольных заданняў. Адказ – усе.

Калі каму глянуліся ідэі ўрокаў і тэмы навуковых работ – забірайце, карыстайцеся, мне ўсё адно няма дзе:))