Дзённік настаўніцы.10 красавіка

Ганна Севярынец
11.04.2023

Тут унутры, канешне, вельмі цяжка. І не таму, што кожную раніцу прачынаешся да свету і не засынаеш болей, бо не хочацца, каб цябе выцягвалі з пасцелі, калі раптам прыдуць. Да гэтага насамрэч прызвычайваешся і дасынаеш днём, тым больш што на працу-та хадзіць не трэба, можна і паспаць, тое на тое і выйшла:)

Цяжка ад нейкага татальнага абясцэньвання нармальнай чалавечай стваральнай энергіі. Усё заменена эрзацамі. Усё навокал нейкае пластыкавае: музеі, адукацыя, гісторыя, каштоўнасці. Прычым адчуваецца, што ўсё навокал, чым заменена культура – часовае, зробленае на каленцы, хутка, не на гады, а вось на сёння. Але зроблена масава. Мне тут днямі спатрэбілася знайсці якую-небудзь карцінку на тэму "Беларусь". А там ўжо нешта парабілася з выдачай вынікаў – калі не ўключаць ВПН, выдаецца суцэльны жах. Перасталі таксама выдавацца спасылкі на фоты з заблакаваных сайтаў, дык ілюстратыўнага матэрыялу нармальнага зараз у сеціве знутры так проста не знойдзеш. 

Цяпер асабліва разумееш, колькі ўсяго рабілася тут людзьмі, якія цяпер закатаныя пад асфальт. І раней было зразумела, а цяпер і зусім навідавоку.

І калі ты жывеш проста нармальным жыццём – працягваеш чытаць, што хочаш, думаць, як хочаш, рабіць, як хочаш – памножанае на "як можаш" –  то ўжо і сам памылкова ўспрымаеш гэта як нейкі подзвіг. Як пазіцыю.

А гэта проста нармальнае чалавечае жыццё.

У тэлеграм-канале адной экалагічнай ініцыятывы паглядзела ролік пра дом, які забяспечвае сябе вадой і энергіяй, перапрацоўваючы дождж і сонца. Так там усё прыгожа прадумана, фільтры, рэзервуары, трубачкі і трубы, усё такое разумна зробленае. Проста людзі проста жывуць і проста ствараюць.

Так хочацца проста дажыць не да феерверкаў і нават ужо не да шампанскага – проста да нармальнага жыцця.

...

От так заўсёды бывае: накоціць нейкая роспач, але як толькі застанецца міліметр да таго, каб задыхнуцца – прыходзіць паратунак ад дзяцей) Мне толькі што былая вучаніца даслала свой вершык. Па-беларуску)) і там толькі дзве памылачкі)

На ўроках і слова не магла па-беларуску сказаць)

Усё недарэмна.