Ехалі сёння прыгожымі дарогамі з Гомельшчыны на Смалявіччыну, глядзелі, як мяняецца ўсё абапал: чыстыя, празрыстыя гомельскія саснова-бярозавыя лясы, падсцеленыя беленькім пясочкам колішняга Герадотава мора, палі ў нежным жоўценькім тумане, невысокія хмызнякі каля Бабруйска, роўнядзі пад Мар'інай Горкай, нарэшце, суровыя ельнікі пад Смалявічамі, сто мільёнаў адценняў зялёнага, сонечныя пералівы ў разлітых рэках.
От жа гэтыя рэкі! Хто там калі заўважаў той Ведрыч, рачулку за Рэчыцай, вузенькі цурочак - ё-хо-хо! разваліўся ўва ўсю сваю даліну, пазалез на агароды, раскінуў ушыркі рукі, ногі, што вы мне тут пра свой Днепр, я сам сабе рака! Ці рачулка Руднянка, госпадзе, яе і бачна не было раней пад тым мастком – а цяпер яна ажно белыя грабенчыкі хваляў па сабе пускае, і на ёй калышацца чарада белых лебядзей. Ці Бярэзіна-матухна, сама яна ад трасы далёка нібыта, але цяпер толькі вокам міргні – выплеснецца цераз адбойнік.
Там-сям у лясках і пералесках ужо бялеюцца навюткія рушнікі на незаўважных сярод дрэваў крыжах, як тыя лебедзі на рацэ ці грабеньчыкі на хвалях – значыць, там старыя вясковыя могілкі, ужо і вёскі няма, але рушнікі толькі-толькі памененыя. Кіроўца машыны едзе асцярожна – узбочыны поўныя людзей з граблямі і вёдрамі, ідуць альбо з могілак, альбо на могілкі, а вось з лесу выцарапваецца зусім старэнькая, у тры пагібелі скручаная бабулька: яна вядзе пад цуглі ровар, да якога пярэстымі стужкамі, нарванымі са старых сукенак, прывязаныя рыдлёўка, пластыкавая бутэлька, кошык з анучкамі і нават банка фарбы ў сетачцы.
Трафік на дарогах вар'яцкі: усе зняліся з месцаў, усе едуць з аднаго канца ў другі, з трэцяга ў чацвёрты да сваіх мёртвых, усе – і тыя, і гэтыя, і правыя, і вінаватыя, неважна, хто за каго, ва ўсіх агульны клопат – Радуніца.
Вада і памяць, зялёнае і белае, шэрая стужка шасэ, мая зямля, мае людзі.
А яшчэ мяне заўсёды вельмі смяшыць участак гэтай дарогі ад Парычаў да кола перад Бабруйскам. Мо, пяць ці шэсць разоў на гэтым невялікім адрэзачку стаяць сінія паказальнікі кірунку на Бабруйск: тут павернеш – 18 кіламетраў, тут – 30, тут –12, ты толькі павярні, эй, куды ты, чаму едзеш міма, а вось табе яшчэ раз – ну заедзь, чалавеча, у Бабруйск! Не хочаш?! Чаму? Ну вось яшчэ раз, адсюль — 22 км, ну паспрабуй!
Сёння бачыла ва Унорыцы, як дзве пары буслоў біліся за буслянку. Бітва гэтая вялася па правілах: ніхто не дзёр пер'е, не размахіваў лапамі, не дзёўб суперніка ў галаву, проста буслы баражыравалі нізка-нізка над зямлёй, наварочвалі колы, са свістам разыходзіліся бліз адзін аднаго ў паветры і заходзілі на новы круг, потым двое, разразаючы паветра крыламі, пранесліся проста над намі і зніклі за вёскай, а іншыя двое – спікіравалі на буслянку і пачалі трашчаць дзюбамі, клекатаць і абдымацца.
Люблю не магу.
…
Я зараз у лепшым месцы на зямлі. Бацюхна Дняпро. Хочацца рукі раскінуць і крычаць: маё, маё!