Дзённік настаўніцы. 9 мая

Ганна Севярынец
09.05.2023

Такі дзень сёння, а я зноў у дарозе, еду вузкімі двухпалоснымі дарогамі цераз мястэчкі і вёскі, гляджу на ўзараныя палі і агароды, і то там, то тут ужо стаяць машыны хуткай дапамогі альбо прыгаюць на кочках па гравійцы ўбок ад трасы – гэта ўжо нехта надарваўся за майскія ў сваёй раллі.

А са стужкі глядзяць на мяне мёртвыя людзі: чорна-белыя чыесьці дзяды і бабулі, маладыя чорнабровыя хлопчыкі, прыгожы наш чалавек, у якога спынілася сэрца ў калоніі, і застылы вецер фотаздымкаў калыша іх непаслухмяныя, такія жывыя  валасы.

І сорамна перад кожным памерлым, ва ўсіх войнах, ва ўсіх задушаных паўстаннях, за тое, што еду і гляджу на нежную вясну і бачу буслоў.

А яны глядзяць на мяне з усмешкамі і думаюць нібыта: "Давай, дарагая, не ный, глядзі на дрэвы ўва ўсе вочы, давай жыві".

 

РАСУЛ ГАМЗАТАЎ

ЖУРАЎЛІ

Салдаты, што загінулі калісьці,

Якіх накрыў вайны крывавы пыл,

Не паляглі ў зямлю пад абеліскі –

Як жураўлі ляцяць за небасхіл.

Яны ляцяць, ня ведаючы стомы,

Праз далячынь гадоў і горкі лёс.

Ці не таму змаўкаем мы ля дому,

Калі яны гукаюць нам з нябёс?

Ляціць, ляціць той клін над родным краем,

І вока зноў яго не абміне:

Ёсць у страі прагалінка малая,

Магчыма, гэта месца для мяне.

Настане час, і з чарадой журботнай

У вечны вырай выпраўлюсь калі,

Я вам гукну, самотна і маркотна,

Усім, каго пакінуў на зямлі...

Па беларуску прамовіў К.Севярынец