Дзённік настаўніцы. 14-15 мая

Ганна Севярынец
15.05.2023

У Менску я цяпер бываю вельмі рэдка – як ніколі. А калі бываю – то бягом-бягом. А сёння неяк хутка справілася па справах – і пайшла па вуліцы павольна, як калісьці ў бесклапотным жыцці.

І нешта сумелася. На хвіліну мне падалося, што горад гэты ўжо не мой. Што ў ім пануюць ужо зусім іншыя людзі. Што я не разумею яго, і нават не пазнаю. Навырастала нейкай незнаёмай мне моладзі, і апранаецца яна неяк па-новаму, і маршруты ў яе іншыя, і кропкі збору. І неяк я ў адзін момант разгубілася і сабралася пусціць слязу.

А потым падумала: шчэ чаго!

Махнула рукой на свае планы, стому і тэмп, плюнула на расклад электрычак і пайшла блукаць па сваіх сцежках, есці і піць у сваіх кавярнях і гужаваць на сваіх, са студэнцтва яшчэ наседжаных лавачках.

А ў пакеціку ў мяне боўталася нованабытая цішотка з вершам Дудара, а хадзіла я і каля Інбелкульта, і каля гасцініцы Еўропа, і каля Святога Фамы, і каля іхнай турмы і іхнага суда, і думала, што мы ўсё адно тут.

Сустрэла сяброў, таварышак, знаёмых, потым – знаёмых знаёмых, і ўсе такія прыгожыя, і такія свае, як сям'я.

І ўжо на апошняй лавачцы хацела нават верш напісаць пра тое, што "ніхто нас з табой не выкіне з гэтых вуліц", але ў добрым настроі вершы ў мяне не пішуцца, то кінула гэтую задуму ў менскае паветра і не пашкадавала)

Люблю гэты горад і ягоных людзей.

Трапіла сёння ў беларускі рай) Некалі я вучыла ўнука нашага знакамітага смалявіцкага фермера Валера Кастко – і нарэшце дабралася ў госці. Плантацыі яблыняў, вішань, груш, фундук, міндаль, ліпавая алея шчэ ад апошняга пана, возера з рыбай, дубы і клёны, пасека, і сам руплівы гаспадар – о, як я люблю гэтых людзей пакалення і мыслення майго бацькі, і вялікая іх сям'я, што працуе з раніцы да раніцы на сваёй зямлі ў імя яе і будучыні, і квецень, і мёд, і дрэвы, і вада, і пчолы, карацей, я была ў беларускай будучыні сёння, і там – ачуменна.

Увосень паеду за саджанцамі міндаля і фундука) Буду таксама рабіць сабе рай)

Глядзела ўчора на прыўкрасных унукаў нашага фермера і зноў думала пра тое, што вельмі люблю дзяцей з невялікіх мястэчак за іх звычку да фізічнай працы. Падавалася б, што добрага ў тым, што дзіця коле дровы – якое стагоддзе ў нас на двары, каб так жорстка эксплуатаваць падлеткаў? Але я дакладна ведаю, бо бачыла шмат самых розных дзяцей, і эксплуатаваных, і не, што фізічная праца дадае маленькаму чалавеку невымернай глыбіні. Асабліва калі падлетак з інтэлектуальнай сям'і, і звычка гэтая кладзецца на добрую глебу. 

Яшчэ – вандроўкі і сямейнае краязнаўства. Падлетак з харошым сямейным вандроўным досведам – не па турэцкіх гатэлях, адкуль дзецям няма чаго прывезці, акрамя пантоў, а па гарах, лясах, марах-акіянах з музеямі і руінамі – заўсёды мае лепшыя кагнітыўныя здольнасці. 

Днямі я бачыла на Кастрычніцкай плошчы дзвюх дзяўчынак, відавочна тутэйшых, не турыстак, клас, мо, дзясяты, і яны стаялі насупраць Аляксандраўскага сквера і са слязьмі ў голасе крычалі камусьці ў тэлефон: "Только скорей приезжай, мы не понимаем, где находимся!" Я шмат бачыла менскіх дзяцей, якія на Нямігу са сваёй умоўнай Каменнай горкі першы раз трапілі падчас школьнай экскурсіі. А мусілі б, канешне, з бацькамі. 

А яшчэ дзеці пажадана каб ведалі рыбалку, грыбы, дзесяць кіламетраў пешшу цераз лес і як даглядаць хворага чалавека. Самым дзіўным чынам гэта наўпрост уплывае на тое, як яны будуць вучыцца.

Нешта апошнія некалькі дзён у мяне такі асцярожна добры настрой, што я нават пакрысе загараюся новай кніжкай) І нават не здраджваю сваім улюбёным дваццатым гадам, хаця і думала, што да міжваеннага часу болей не вярнуся) І прыглядаюся не да героя, а да гераіні) І нават, крыху пакапаўшыся ў вядомых мне рыбных месцах, знайшла больш за сто старонак невядомых яе тэкстаў)

Эх, можа, і народзіцца новае харошае архіўнае даследванне) Даўно я нічым не загаралася, але, аказваецца, ёсць яшчэ порах у этых самых, як іх там звалі-та...