Пра розніцу пакаленняў.
Пішу ў сямейны чат: ва Унорыцы свежанькія кацяняткі! Дзеці, канешне, просяць фота.
Я адказваю, дэманструючы недалечаны сэксізм: "Дзядзька баіцца фатаграфаваць, яны шчэ з пупавінкай, мужчыны такое цяжка пераносяць".
Дзеці ў адказ раяць, выяўляючы клопат за асабістыя межы жывёл: "Няхай сфоткае і закрые ім пыскі смайлікамі!"
…
От вы кажаце, "паляныця". Мне ўчора спатрэбілася сказаць украінскай "дякую". Ну, сказала. Хлопчык матнуў галавой і кажа: "Не так. У вас там З чуецца, а вы скажыце проста – дякую".
Аааааа! Я круцілася вужом, і так і гэтак складала язык, але каб без ДЗ – так і не змагла! Хлопчык вельмі смяяўся.
Увечары я доўга трэніравалася, і нарэшце прыладзіліся так прыціскаць язык да нёба, каб не "дзекнуць", адначасова заўважыла, што "дзекаю" і па-руску. Во справы.
У слоўніку Даля "живого великорусского языка" ёсць прымаўка такая: " Ліцвін і мёртвы дзекне".
…
Хацела шчэ ўвогуле расказаць, як там у Іллюхі рухаюцца справы з негвалтоўнай беларусізацыяй.
Нядаўна, як паляцелі хрушчы, нашыя каты сталі іх, звар'яцеўшы, лавіць і ганяць па хаце, я неяк аб аднаго такога небараку спатыкнулася і кажу: а божа, хрушч!
Іллюха ажно падскочыў.
- Хрушч! Хрррррушч! Хрррррушч! О! Якое слова! Хррррррушч!
Потым ён хадзіў і ўсё мармытаў сабе пад нос на розныя лады: хрушч, хрушч, хрушч, а тады сеў каля мяне, прызадумаўся і кажа пяшчотна:
- Беларуская мова такая прыкольная.
А я ўспомніла, як калісьці даўно-даўно Павел, яшчэ мы былі рускамоўнымі дзецьмі, прыйшоў і кажа:
- Послушай, какое слово: "крыўда"! Кррррры-ы-ы-ы-ўда! По-русски так не скажешь.